Меркель п'е "Апероль Шпрыц": Лукашэнка прайграў ёй, але Беларусь не выйграла

Ангела Меркель і Аляксандр Лукашэнка​
Ангела Меркель і Аляксандр Лукашэнка​

Ангела Меркель аддае перавагу кактэйлю "Апероль Шпрыц". І сёння ў яе ёсць выдатная нагода выпіць яго: калі інфармацыя газеты Bild адпавядае рэчаіснасці, то Аляксандр Лукашэнка пацярпеў поўнае паражэнне на "заходнім фронце". Маральнае банкруцтва Меркель абярнулася палітычнай перамогай.

Прайграў Лукашэнка, але не выйграла і Беларусь. Калонка гісторыка Аляксандра Фрыдмана.

Bild публікуе падрабязнасці заўчорашняй, ужо папярэдняй тэлефоннай размовы Меркель і Лукашэнкі. Пацвярджаецца тое, што некалькімі гадзінамі раней агучыла міністр замежных спраў Эстоніі Ева-Марыя Лійметс. У Лукашэнкі толькі два патрабаванні: адмяніць санкцыі і прызнаць яго прэзідэнтам.

Высоўваючы гэтыя патрабаванні, Лукашэнка фактычна пацвярджае, што ўся сітуацыя з мігрантамі — толькі вымудраны шантаж у спробе ўступіць у перамовы з "калектыўным Захадам". У тыя самыя перамовы, пра якія ўжо некалькі дзён кажуць і прыдворныя "эксперты", і пра якія піша беларускае МЗС.

Меркель пьёт "Апероль Шприц": Лукашенко проиграл ей, но Беларусь не выиграла
Беларуская тэма на галоўнай Bild

Паводле версіі Bild, у якасці ласкі ў адказ Лукашэнка прапанаваў ЕС забраць палову мігрантаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, і папрасіў грошай на будаўніцтва лагераў для ўцекачоў, якія будуць прыбываць у Беларусь з Афганістана. Меркель, як піша газета, праявіла цвёрдасць і толькі сказала Лукашэнку, што яго прапановы будуць абмеркаваны з іншымі кіраўнікамі ЕС.

Аднак абмяркоўваць гэты абсурд ніхто і не збіраўся. І з Бруселя, і з Берліна (яшчэ да другога званка Меркель) адказалі, што гэтага не адбудзецца. А вось Лукашэнка на прызнанне спадзяваўся. Да апошняга. Толькі пасля другога званка Меркель Наталля Эйсмант заявіла, што Лукашэнка нават і не думаў выстаўляць такія патрабаванні ў размовах з Меркель. Ну так, ну так. Цяпер і вы кажаце.

Меркель, аднак, адзначыла, што Германія можа забраць некаторых мігрантаў (асабліва цяжкія выпадкі), калі Лукашэнка забяспечыць вяртанне астатніх мігрантаў на радзіму і адвядзе людзей ад мяжы. Меркель прынцыпова не выключыла, што ЕС возьме на сябе фінансаванне лагераў для мігрантаў з Афганістана ў Беларусі.

Меркель пьёт "Апероль Шприц": Лукашенко проиграл ей, но Беларусь не выиграла
Лагер для ўцекачоў у Германіі

1. Ці варта давяраць інфармацыі Bild?

Варта. Яна з'явілася адначасова з другім званком Меркель Лукашэнку і прыйшла, па ўсім відаць, з ведамства федэральнага канцлера — адміністрацыі Меркель. Там захацелі, каб гэтая публікацыя з'явілася менавіта ў гэты момант.


2. Bild сцвярджае, што Лукашэнка прапанаваў "падзяліць" мігрантаў.

Меркель не выключыла, што Германія забярэ некаторых мігрантаў (гаворка можа ісці пра цяжарных жанчын, дзяцей з інваліднасцю і г. д.). Гэта жэст гуманізму, і за яго заходняя прэса, дый многія людзі ў Германіі Меркель пахваляць. Ацэніць гэты жэст і Нобелеўскі камітэт у Осла, які не даў ёй у 2016 годзе заслужаную прэмію міру, але можа нагнаць упушчанае налета.

А што ж Лукашэнка? Калі верыць Bild, то за гэты гуманны жэст Меркель яму давядзецца забяспечыць вяртанне астатніх мігрантаў на радзіму і адвесці людзей ад мяжы. І над гэтым дыктатар ужо працуе: учора быў арганізаваны штурм мяжы — і ён праваліўся. Лукашэнка атрымаў прапагандысцкі матэрыял, але прамовамі Гігіна, слязьмі Васкрасенскага і тэкстамі Шпакоўскага сыты не будзеш. Мігрантаў ад непасрэднай мяжы ў выніку прыйшлося адводзіць. І толькі пасля гэтага Меркель патэлефанавала другі раз.

Меркель пьёт "Апероль Шприц": Лукашенко проиграл ей, но Беларусь не выиграла
Ангела Меркель

3. Лукашэнка прапанаваў прафінансаваць будаўніцтва лагераў для бежанцаў з Афганістана на тэрыторыі Беларусі.

І гэта, бадай, самы цікавы момант ва ўсёй гэтай гісторыі.

Меркель прынцыпова не выключыла фінансаванне такіх лагераў, але ёй наогул лёгка даваць абяцанні: сама яна іх выконваць не будзе. Для ЕС прапанова Лукашэнкі вельмі прывабная: кіраўнік Беларусі добраахвотна гатовы ператварыць сваю краіну ў адстойнік для бежанцаў з Афганістана, перакінуць якіх у ЕС шляхам прарыву мяжы больш не атрымаецца: літоўцы, латвійцы, а перш за ўсё палякі паказалі, што проста так прайсці праз усходнюю мяжу ЕС больш не ўдасца.

Фінансаванне такіх лагераў — маральная дылема для ЕС. З аднаго боку, Лукашэнка гатовы пазбавіць Еўропу ад галаўнога болю і ўзяць (за грошы) афганскія праблемы на сябе. З іншага боку, падобная ўгода будзе азначаць фінансавую дапамогу дыктатару, які бессаромна прыгнятае ўласны народ. Ён паказаў свой сапраўдны твар у гісторыі з курдамі і да афганцаў наўрад ці паставіцца больш гуманна. І ў Еўропе хопіць палітыкаў, якія на такую ўгоду з уласным сумленнем не пойдуць.

Ангелу Меркель гэта, праўда, ужо турбаваць не будзе: за развіццём падзей яна будзе назіраць на пенсіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі