“Самы небяспечны момант эскалацыі”. Ці пачнецца ядзерная вайна?
Ці будзе ядзерная вайна?
Байдэн дазволіў Украіне выкарыстоўваць ракеты ATACMS для ўдараў па тэрыторыі РФ. Ці можа гэта справакаваць Расію на ядзерную вайну, разважае ў эфіры Еўрарадыё гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.
Эксперт спадзяецца, што ніякай ядзернай вайны не будзе, і кажа, што Украіна ўжо паказала ўсяму свету, што расійскія пагрозы так і застаюцца пагрозамі.
— Пяскоў сёння так і падкрэсліў, што згодна з новым варыянтам ядзернай дактрыны, выкарыстанне Украінай гэтых ракет можа быць падставай для ядзернага ўдару. Фактычна яны падрыхтавалі сваю аўдыторыю да ядзернага ўдару.
Калі паглядзець на расійскія сацыяльныя сеткі і асабліва на тое, што пішуць людзі, якія падтрымліваюць рэжым Пуціна, ну дык там усе пішуць, як кажа Маргарыта Сіманьян, “што мы пападзем у рай, а ўсе на Захадзе накіруюцца ў пекла”. Усе гэтыя дыскурсы прысутнічаюць. Цяпер мяч на расійскім баку.
Фрыдман адзначае, што працягваць пагрозы прымянення ядзернай зброі выглядае бессэнсоўна, бо відавочна, што гэтая стратэгія не дала чаканага эфекту.
— Яны ж нават Пуціна задзейнічалі. Нават Пуцін казаў, што будзе прамы адказ і што яны будуць разглядаць заходнія краіны як тых, хто вядзе з Расіяй вайну. Ну вось цяпер Расія павінна прадэманстраваць, што яна можа зрабіць.
Я не думаю, шчыра кажучы, што Пуцін вырашыць у гэтай сітуацыі пайсці на такі радыкальны крок. Расійскі бок сам сябе накручвае.
Але верагоднасць усё ж такі існуе. Зараз мы перажываем самы небяспечны момант эскалацыі ў гісторыі гэтай вайны і, магчыма, самы небяспечны момант у еўрапейскай гісторыі з 1945-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.