Мігранты абнавілі рэкорд на мяжы РБ і Польшчы — спыненыя 529 спробаў пераходу
За верасень польскія памежнікі зафіксавалі больш за 7,5 тысяч спробаў незаконна перасекчы мяжу / twitter.com/Straz_Graniczna
Пра чарговую рэкордную колькасць мігрантаў, якіх спынілі польскія памежнікі на мяжы з Беларуссю, паведамілі ў памежным ведамстве Польшчы. Папярэдні рэкорд пратрымаўся ўсяго некалькі дзён. У аўторак, 28 верасня, былі папярэджаныя 473 спробы нелегальнага пераходу мяжы, у чацвер — ужо 529.
18 мігрантаў былі затрыманыя, гэта грамадзяне Ірака. Астатнія спробы перайсці мяжу па-за пунктамі пропуску былі спыненыя.
Акрамя таго, у ведамстве расказалі пра затрыманне яшчэ 4 чалавек за дапамаганне ў парушэнні мяжы.
Усяго ў верасні польскія памежнікі зафіксавалі 7535 спробаў перасекчы мяжу.
Напярэдадні польскі Сейм ухваліў падаўжэнне рэжыму надзвычайнага становішча яшчэ на 60 дзён у памежных з Беларуссю рэгіёнах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.