Міхалевіч: Чэхія стала для мяне другой Айчынай (абноўлена)
У эксклюзіўным інтэрв'ю палітык распавёў, якім чынам з'ехаў з Беларусі, чаму абраў менавіта Чэхію і раскрыў падрабязнасці свайго зняволення ў СІЗА КДБ.
Еўрарадыё: Ці планавалі вы выезд адразу, як выйшлі з КДБ ці рашэнне было прынята раптоўна?
Міхалевіч: "Не, я адразу не планаваў выезду. Рашэнне было прынята раптоўна. Паколькі я атрымаў новую інфармацыю пра тое, што ёсць вялікая верагоднасць, што я буду арыштаваны. З іншага боку, я ведаў, што Камітэт дзяржаўнай бяспекі хоча рабіць усё магчымае, каб я адмовіўся ад папярэдне зробленых заяў пра катаванні. І менавіта таму я прыняў рашэнне, што самае аптымальнае – гэта проста каб мяне не было ў краіне".
Еўрарадыё: Калі вы распавялі пра катаванні ці адразу не ўзнікала думка, што прыйдзецца з'ехаць?
Міхалевіч: "Узнікала, зразумела, такая думка, што калі чалавек выходзіць з турмы, з тымі перажываннямі, з тым багажом, які быў у мяне. Першая думка была адпачыць, а паколькі я быў пад падпіскай аб нявыездзе, паколькі я далей заставаўся абвінавачаным, то проста было зразумела, што нармальна адпачыць у Беларусі мне ніхто не дасць. Першая думка была, натуральна, з'ехаць, але вельмі хутка я прыняў рашэнне, што застануся, што я не хачу даваць уладам такога добрага козыра – я заявіў пра гэта за мяжой або я заявіў – і адразу з'ехаў".
Еўрарадыё: Як вы дабіраліся да Чэхіі, як выглядаў ваш выезд з Беларусі?
Міхалевіч: "Так атрымалася, што ў мяне быў стары пашпарт, які калісьці атрымаў, дзякуючы таму, што ў ім заставалася яшчэ сапраўдная віза адной з еўрапейскіх краін. Некалі напісаў афіцыйна заяву ў міліцыю, што хачу, каб гэты пашпарт застаўся ў мяне ў сувязі з тым, што там сапраўдная віза. І пашпарт пакінулі. Ніякіх штампаў, што ён несапраўдны не паставілі. Гэта быў той пашпарт, па якім мне ўдалося выехаць. Я выехаў праз Расію ва Украіну, і ўжо з Кіева непасрэдна вылецеў чэшскімі авіялініямі. Дарэчы, вельмі цікава, што на адным з расійскіх інфармацыйных рэсурсаў з'явілася вельмі дакладная інфармацыя, у якую ноч я перасякаў мяжу Беларусі і Расіі, калі я перасякаў мяжу Расіі і Украіны і на якую гадзіну дакладна я зарэгістраваўся на чэшскія авіялініі, каб вылецець у Прагу. Гэта ўся інфармацыя была дакладная, я ажно здзівіўся наколькі ў сённяшні век, інфармацыйнага грамадства, хутка даходзіць інфармацыя, нават калі я не хацеў, каб гэтая інфармацыя распаўсюдзілася".
Еўрарадыё: Чаму вы абралі Чэхію?
Міхалевіч: Цяжка сказаць. Гэта Чэхія мяне абрала. Я бег з Беларусі, не маючы шэнгенскай візы. Калі знаходзіўся ў Кіеве, я патэлефанаваў розным знаёмым і запытаўся, наколькі хутка і рэальна зрабіць візу і выехаць. Я разумею, што Украіна на сёння не з'яўляецца вельмі бяспечнай. Таму я хацеў максімальна хутка з'ехаць з Украіны. Тая краіна, дзе была мажлівасць найхутчэй атрымаць візу была Чэхія. Я вельмі удзячны Чэшскай рэспубліцы. Яна для мяне цяпер стала другой айчынай.
Еўрарадыё: Ці вы не баіцеся, што будзе ціск на вашу сям'ю?
Міхалевіч: "Думаю, што нейкі ціск ужо адбываецца. Вы ведаеце, што да маёй сястры прыходзіў супрацоўнік Камітэта дзяржаўнай бяспекі, спрабаваў з ёй дамовіцца наконт мяне: каб я максімальна хутка адгукнуўся і вярнуўся. Але мая жонка і мая сястра - гэта дарослыя людзі, якія самі для сябе прымаюць рашэнні, ці хочуць яны з'язджаць ці не хочуць, ці гатовыя яны гэты ціск вытрымліваць.
Еўрарадыё: Чым вы плануеце займацца ў Чэхіі?
Міхалевіч: "Пакуль што толькі першыя дні, калі я пачаў сур'ёзна думаць, чым далей планую займацца, таму дакладна яшчэ не сфармуляваў. Але хачу зрабіць усё магчымае, каб катаванні ў Беларусі спыніліся. Максімальна ўдзельнічаць у міжнародных працэсах, каб усе палітычныя вязні выйшлі на свабоду".
Еўрарадыё: Ці вы збіраецеся атрымоўваць чэшскае грамадзянства, дзе вы зараз жывяце?
Міхалевіч: "Не збіраюся атрымліваць чэшскае грамадзянства. Я вельмі ўдзячны Чэхіі, што яны пазітыўна вырашылі маё пытанне пра палітычны прытулак. Гэта не ёсць грамадзянства, я атрымаў дакумент, які дазваляе жыць у Чэхіі і гэта для мяне вельмі важна. Але я далей застаюся беларускім грамадзянінам. У кожным выпадку пасля зменаў я вярнуся ў Беларусь дакладна”.
Еўрарадыё: Ці дала Чэхія вам нейкую дапамогу?
Міхалевіч: Няма юрыдычных дадатковых механізмаў для экс-кандыдатаў. Я адмовіўся ад усіх праграм па вывучэнні мовы, бо ўжо ведаю чэшскую мову дастаткова няблага і, спадзяюся, удасканаліць яе яшчэ лепш. Я ўпэўнены, што маю дастатковыя магчымасці, каб самастойна зарабляць сабе на жыццё, таму ад праграмы сацыяльнай адаптацыі ў Чэшскай Рэспубліцы дамовіўся. Самае галоўнае, што я хацеў, атрымаў – маю права жыць у Чэшскай Рэспубліцы, падарожнічаць па тэрыторыі Еўрапейскага Саюза, для мяне гэта вельмі важнай. Я з'яўляюся звычайным палітычным уцекачом, якіх у Чэхіі дастаткова шмат. На сёння я карыстаюся медыцынскай страхоўкай на некалькі месяцаў. Спадзяюся, яна будзе падоўжана надалей. На сёння маю права афіцыйна працаваць, знаходзіцца ў краіне легальна. Гэта для мяне самае важнае.
Еўрарадыё: Ці можаце апісаць свой учорашні дзень?
Міхалевіч: Пакуль што я ехаў з лагера для ўцекачоў. У гэтым лагеры жыццё выглядала па распарадку: тры разы на дзень харчаванне, якое я атрымліваў у сталовай, магчымасць наведваць бібліятэку і трэнажорную залю, магчымасць камунікаваць з людзьмі. Сёння першы дзень, калі я сустракаюся з людзьмі, маю мабільны тэлефон. Якраз гэты дзень прыпаў на 25 сакавіка, мне вельмі прыемна. Цяпер жыву ў маіх знаёмых. Я не атрымліваў ад чэшскіх уладаў месца для жыхарства. Гэта доўгая праграма, якая займае вельмі вялікі час. На сённяшні дзень я маю магчымасць выбару: альбо жыць у лагеры ўцекачоў, што для мяне не вельмі выгодна, бо ўсе гэтыя лагеры знаходзяцца далёка ад Прагі, далёка ад асноўнага цэнтра палітычнага жыцця. Таму спыніўся ў сваіх знаёмых у Празе.
Еўрарадыё: Алесь, колькі грошай у вас цяпер у кашальку?
Міхалевіч: “Каля 3 ці 4 тысяч чэшскіх крон. Гэта прыгожа гучыць. Але курс кроны – каля 17 за адзін долар. Значыць, у мяне цяпер больш за 200 долараў у кашальку.
Еўрарадыё: Ці ў вас узнікаюць думкі, калі і пасля чаго вы вернецеся ў Беларусь?
Міхалевіч: "Паглядзім, вельмі цяжка сфармуляваць нейкую думку, калі знаходзішся ва ўмовах абмежаванай інфармацыі. Але ў кожным выпадку, я разглядаю такую магчымасць, каб вярнуцца ў Беларусь".
Еўрарадыё: А сёння вы маеце доступ да інтэрнэту?
Міхалевіч: Пакуль што праз тэлефон. Зразумела, што я бег з Беларусі без камп’ютара. Ён знаходзіцца ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі. Пакуль маю магчымасць сачыць за падзеямі праз тэлефон. Пакуль чытаю, спрабую зразумець што адбываецца ў інфармацыйнай сферы, што адбываецца.
БЫЛО ЦІКАВА ЗАЕХАЦЬ І ПАГЛЯДЗЕЦЬ НА БУДЫНАК КАМІТЭТА ДЗЯРЖАЎНАЙ БЯСПЕКІ ЗНУТРЫ
Еўрарадыё: Цяпер за мяжой можаш больш распавесці пра катаванні?
Міхалевіч: "Пра катаванні я распавёў практычна ўсё, што я ведаў. Нейкай новай, дадатковай інфармацыі не будзе. Зразумела, што ёсць дадатковая інфармацыя пра тое, хто са мной размаўляў, пра тое, якім чынам і ў чым мяне падазравалі. Ёсць шмат падрабязнасцяў, якія я не мог распавядаць, бо можна было палічыць, што я раскрываю таямніцу следства. На сённяшні дзень, зразумела, я змагу пра гэта ўсё распавесці".
Еўрарадыё: Якія пытанні задаваліся наконт Плошчы, што прапаноўвалі і на што ціснулі падчас допыту?
Міхалевіч: "Шчыра скажу, што са мной, перш за ўсё, вяліся размовы пра замежжа, мяне падазравалі ў тым, што я з'яўляюся агентам замежных разведак, толькі не было зразумела, якой канкрэтна. Відаць, падазравалі адразу, што я агент розных разведак. Што датычыцца Плошчы, вельмі хутка, калі я ўжо пагадзіўся, калі мяне змусілі даваць паказанні, то ў Камітэта дзяржаўнай бяспекі была дакладная карціна, хто за што адказваў, хто і што рабіў. Яны ведалі, што я ніякім чынам не быў заангажаваны ў падрыхтоўку Плошчы, што я не прысутнічаў на сустрэчах па падрыхтоўцы гэтай Плошчы, што я не прысутнічаў на нарадах кандыдатаў, таму, фактычна, да мяне гэтых пытанняў і не было. Адзін раз прамільгнула такая фраза з боку майго следчага, калі я сказаў, што я сапраўды не ведаю, у каго якая роля была, мне было сказана : "Давядзецца ўзгадаць". Але я так нічога не ўзгадаў, бо я нічога не ведаў"
Еўрарадыё: Калі вы адмовіліся выступіць па "БТ", нейкае стаўленне да вас змянілася ў СІЗА КДБ?
Міхалевіч: "Я думаю, мяне забралі ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі з поўнай упэўненасцю, што я зачытаю той тэкст, які мне дадуць. Для іх, хіба што, было вялікай нечаканасцю, бо было такое чаканне: калі кандыдат найбольш мяккі, калі ён не крытыкаваў Лукашэнку, то ён адразу абвінаваціць усіх іншых. Я паказаў, што на мяне такім чынам ціснуць немагчыма".
Еўрарадыё: А што было ў гэтым тэксце – ці на кагось з кандыдатаў ускладалася большая адказнасць, неяк прысуды зараз можна прагназаваць?
Міхалевіч: "Фактычна гэта быў той тэкст, які зачытваў спадар Раманчук. Мне прапаноўвалася сказаць пра тое, што ёсць тыя кандыдаты, якія вінаватыя ў гэтым усім. Казалася, былі фразы пра жонку Саннікава Ірыну Халіп".
Еўрарадыё: Калі вас затрымлівалі ў ноч з 19 на 20 снежня, вы думалі, што гэта будзе на некалькі гадзінаў, ці на больш доўгі тэрмін?
Міхалевіч: Шчыра скажу, што я быў так стомлены выбарчай кампаніяй, што не думаў – як надоўга гэта ўсё будзе. Было цікава заехаць і паглядзець на будынак Камітэта дзяржаўнай бяспекі знутры. Бо ніколі ў ім не быў. За той час, што там быў, давялося добра пазнаёміцца з унутранымі калідорамі. Так што, ніякіх думак наконт таго, наколькі гэта доўга, не было. Але не было ніякіх ілюзій, што калі я не вінаваты, то мяне адпусцяць. Я ведаю, што ў беларускай прававой сістэме, нажаль, вінаваты ты ці не вінаваты – вялікага значэння не мае. Калі ёсць замова, каб ты сядзеў у турме, то будзеш сядзець, незалежна ад ступені віны.
МЯККУЮ ПРАГРАМУ РЭФАРМАВАННЯ ЎЛАДЫ ЎСПРЫМАЮЦЬ ВЫКЛЮЧНА ЯК ПРАЯВУ СЛАБАСЦІ
Еўрарадыё: Калі вярнуць час назад, ці балатаваліся б вы на выбарах, ці пайшлі б на Плошчу?
Міхалевіч: Я не лічу, што зрабіў нешта дрэннае, я не зрабіў нічога такога, пра што я шкадую. Думаю, што будаваў бы кампанію вельмі падобным чынам. Я лічу, што нацыянальная згода магчымая, што можна дамовіцца па найбольш істотных пунктах. Такіх, як незалежнасць Беларусі. Але сённяшні досвед паказвае, што ні пра што ўлада дамаўляцца не будзе і што мяккую праграму рэфармавання ўспрымаюць выключна, як праяву слабасці.
Еўрарадыё: Як вы сыходзілі з Плошчы, як атрымалася, што вас там не затрымалі?
Міхалевіч: Я сышоў даволі рана, бо мне патэлефанаваў адзін з маіх давераных асобаў пра тое, што яго абклала міліцыя і яму не даюць магчымасці выйсці з кватэры. Я сеў у машыну і збіраўся ехаць яго вызваляць. У мяне было пасведчанне кандыдата ў прэзідэнты і я быў упэўнены, што на міліцыю гэта падзейнічае. Таму і сышоў. А пасля ўсіх падзеяў я развозіў сябраў сваёй каманды ў шпіталь хуткай дапамогі. Наглядзеўся на тых сваіх сяброў, у каго галава рассечаная, рукі паламаныя. І тады я нават не спрабаваў знайсці нейкае тлумачэнне таму, што адбылося, а проста стараўся аказаць першую дапамогу.
Еўрарадыё: Якая ваша версія таго, што адбылося 19 снежня?
Міхалевіч: З пункту гледзішча паліталогіі патлумачыць усё, што адбылося, немагчыма. Нейкіх тлумачэнняў у мяне няма. Усё не на карысць як сённяшняму рэжыму, так і не на карысць апазіцыі.
Еўрарадыё: Падчас сваёй кампаніі вы не заклікалі людзей на Плошчу. А чаму самі прыйшлі?
Міхалевіч: За тры дні да выбараў на маім сайце з’явіўся заклік да маіх прыхільнікаў – прыйсці на Плошчу, каб пачуць вынікі выбараў. Я казаў, што ёсць дастаткова падставаў казаць, што з-за прымусу галасаваць датэрмінова рыхтуецца фальсіфікацыя. Таму, для мяне было натуральным тое, што я буду на Плошчы. Для мяне было спрэчным: заклікаць прыхільнікаў прыйсці на Плошчу ці не заклікаць. Зразумела, большасць людзей, якія за мяне галасавалі, выступалі за эвалюцыйны шлях развіцця. Мая праграма называлася “Эвалюцыйнай мадэрнізацыі”. Для такіх людзей выхад на Плошчу быў вельмі незвычайным дзеяннем. Але было прынята такое рашэнне, з’явіўся на сайце заклік, і я быў фізічна на Плошчы. Я не выступаў з трыбуны, мяне не абіралі ні ў якія органы, якія абіраліся на Плошчы. Я быў проста адным з тых людзей, якія прыйшлі і знаходзіліся на Плошчы.
Еўрарадыё: Падчас допытаў следчыя звярталі ўвагу на тое, што ў вашым ЖЖ з'явіўся заклік выходзіць на Плошчу?
Міхалевіч: Так, зразумела. Гэта было фактычна адзіным доказам, што я нейкім чынам удзельнічаў у арганізацыі падзеяў на Плошчы. Гэта было не толькі ў ЖЖ, а на маёй інтэрнэт-старонцы таксама.
Еўрарадыё: А ці будзе ваша старонка цяпер абнаўляцца?
Міхалевіч: Спадзяюся, што так. Спадзяюся, знайду час дастаткова хутка зрабіць планаванне разам з маё камандай. Шмат людзей, якія мяне падтрымліваюць. Трэба зрабіць каб людзі маглі сачыць за маёй дзейнасцю.