Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Казлова пакінулі пад вартай да 29 сакавіка
Палітвязням Мікалаю Статкевічу і Дзмітрыю Казлову (блогер "Шэры Кот") падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай на тры месяцы — да 29 сакавіка, паведамляе БелаПАН.
У снежні і Статкевічу, і Казлову выставілі новае абвінавачанне — у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК). За гэта пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Па звестках адваката, ніякія следчыя дзеянні з абодвума палітвязнямі не праводзяцца.
Мікалая Статкевіча затрымалі 31 траўня, а Дзмітрыя Казлова — 10 чэрвеня. Спярша іх асудзілі па адміністрацыйных артыкулах, а потым на волю не выпусцілі, пачаўшы крымінальныя справы. Іх абвясцілі падазраванымі ў падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Раней гэтае ж абвінавачанне выставілі блогеру Сяргею Ціханоўскаму і ягоных паплечнікам.
Статкевіча трымаюць у ізалятары Жодзіна ў адзіночнай камеры, Казлова — у СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.