Міліцыя пачала праверку па факце фотасесіі дзяўчыны ў трусіках на пл. Перамогі
Мінская міліцыя пачала праверку па факце фотасесіі дзяўчыны ў трусіках на плошчы Перамогі. Праваахоўнікі заўважылі прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння ("дробнага хуліганства"). Пра гэта Радыё Свабода паведаміў прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі.
"Для мяне тут усё відавочна: неабходна правесці праверку на прадмет наяўнасці тут складу як мінімум адміністрацыйнага правапарушэння, — распавядае Ластоўскі. — Інфармацыя падрыхтавана і накіравана, пачатая праверка. Цяпер праводзяцца ўсе неабходныя дзеянні. Наколькі я ведаю, быў апытаны малады чалавек, аўтар гэтага фатаздымка. Будзем чакаць вынікаў".
Здымкі рабіліся ўлетку і за тры месяцы набралі ў сацсетках усяго некалькі лайкаў. Але пасля адзін з іх апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook Ластоўскі: маўляў, нехта паскардзіўся. Сацсеткі проста выбухнулі. Прэс-сакратар сталічнай міліцыі патлумачыў Радыё Свабода, што праз некалькі дзён схаваў гэты пост, бо "абмеркаванне... перарасло ў плоскасць высвятлення міжасабовых стасункаў паміж каментатарамі". Дарэчы, праверка праводзіцца на падставе рапарту менавіта Аляксандра Ластоўскага. Таксама былі звароты іншых грамадзян, і іх далучылі да справы.