У Інстаграм выклалі эратычныя фота дзяўчыны з кнігай “Каласы пад сярпом тваім"
Мінскі фатограф Сяргей Макшун выклаў у Інстаграм эратычныя фота дзяўчыны, якая чытае кнігу Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”.
“Гісторыя пра тое, як юная прыгажуня захапілася чытаннем кнігі. Вам цікава, ці дачытае яна яе да канца?” — пытаецца фатограф.
Гарачыя фота хутка разышліся па інтэрнэце.
Як патлумачыў фатограф “Нашай Ніве”, ён вырашыў згуляць на кантрастах: маўляў, вось сэксуальная дзяўчына, і вось яна чытае сур'ёзную кнігу.
“Што да выбару твора, то я не скажу, што ўсё гэта задумвалася як рэклама менавіта беларускай літаратуры ці Караткевіча. Проста кніжка прыгожая, мне яе падарылі нядаўна, мне спадабалася, і я падумаў “трэба ўзяць”. Гэта элемент, галоўная тут дзяўчына, якая глядзіць не ў тэлефон, а ў кнігу”, — дадаў Сяргей.
Таксама фатограф сказаў, што калі грамадства добра ацэніць ідэю, то могуць з'явіцца серыі і з іншымі беларускімі кнігамі.