Міліцыя праводзіць праверку па факце збіцця ў судзе актывістаў і журналіста
ГУУС Мінгарвыканкама пракаментавала рэзананснае здарэнне, якое адбылося 25 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна. Там былі затрыманыя актывісты Павел Сяргей і Максім Шыцік, які наладзілі акцыю пратэсту на судзе па "справе графіцістаў", а таксама журналіст партала tut.by Павел Дабравольскі, які здымаў на відэа затрыманне. Пазней яны распавялі, што іх збівалі нагамі амапаўцы ў цывільным, некаторыя пазней сведчылі ў судзе. Усе трое (Сяргей, Шыцік і Дабравольскі) былі аштрафаваныя на сумы каля 9-10 мільёнаў рублёў.
У аўторак аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама інфармуе, што "быў затрыманы грамадзянін П. Дабравольскі, які пранік у службовае памяшканне [суда], дзе знаходзіліся парушальнікі правапарадку, перашкаджаў законным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі, на заўвагі спыніць свае супрацьпраўныя дзеянні не рэагаваў". Адзначаецца, што фізічная сіла супрацоўнікамі міліцыі ў дачыненні згаданых актывістаў і журналіста выкарыстоўвалася ў адпаведнасці з законам "Аб органах унутраных спраў" "для спынення супрацьпраўных дзеянняў". Па факце яе ўжыцця ў ГУУС прызначаная службовая праверка.
Тым часам Дабравольскі заявіў, што напісаў заяву ў міліцыю аб збіцці амапаўцамі 25 студзеня ў будынку суда Фрунзенскага раёна, ён збіраецца зняць пабоі і звярнуцца ў суд. "У цывілізаваным грамадстве праваахоўныя органы не маюць права збіваць людзей", — кажа ён.