Міліцыя знайшла хлопчыка, які з памылкамі напісаў нецэнзурныя словы на БМД
У Буда-Кашалёве міліцыя шукала зламысніка, які чорнай аэразольнай фарбай напісаў два нецэнзурныя словы на баявой машыне дэсанта. Яна ўсталяваная на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу. Як інфармуе прэс-служба гомельскай міліцыі, нецэнзурныя словы былі напісаныя з памылкамі. Гэта, а таксама почырк, падштурхнула міліцыянераў да версіі, што надпіс зрабіў падлетак.
На дзіцячай гульнявой пляцоўцы, што месціцца непадалёку, дзеці распавялі міліцыі, што бачылі хлопца з балончыкам фарбы. Ён фарбаваў самакат. Падлетка знайшлі, але ён заявіў, што не рабіў надпіс, яго выканаў 9-гадовы сябар.
Увечары міліцыянеры прыйшлі дахаты да "графіціста". Спачатку ён усё адмаўляў, але пасля прызнаўся. Па словах хлопчыка, сваім учынкам ён хацеў паказаць старэйшым сябрам, што ён "дастаткова дарослы". Цяпер супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх правядуць з падлеткам прафілактычную размову. А яго маці давядзецца адказваць за ўчынак сына на камісіі па справах непаўналетніх.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.