Міліцыянты затрымалі актора за заўвагу і зламалі яму тры рабры
6 сакавіка міліцыянты ў Мінску затрымалі Арсенія Сячко — былога актора тэатра імя Горкага, паведамляюць праваабаронцы.
Каля 20-й гадзіны каля свайго дома хлопец заўважыў, як міліцыянты затрымліваюць нецвярозых мужчын і зрабіў ім заўвагу. Тады міліцыянты затрымалі і Сячко, склаўшчы на яго пратакол за несанкцыянаване пікетаванне (артыкул 24.23 КаАП).
У Фрунзенскім РУУС Арсенія, як паведамляюць, моцна збілі.
7 сакавіка суддзя Дзмітрый Лукашэвіч асудзіў актора на 13 сутак арышту. Але медык у ІЧУ адмовілася прыняць Сячко, выявіўшы ў яго зламаныя тры рабры.
Мінчука шпіталізавалі. 10 сакавіка яму зрабілі пракол лёгкага, бо там пачала збірацца вадкасць.
Пасля выпіскі з лякарні Арсенія чакае 13-сутачны арышт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.