Мінчане пачалі аплачваць 60% камуналкі яшчэ да студзеньскага падаражання
З 26 студзеня для мінчан павышаецца квартплата. Кубаметр вады па субсідаваным дзяржавай тарыфе цяпер каштуе 0,5301 рубля. Гэта плюс 90%! Кубаметр водаадвядзення праз каналізацыю ― 0,354 рубля. І гэта таксама 90% падаражання. А яшчэ на 75% даражэе ліфт.
З новымі тарыфамі плата за двухпакаёўку вырасце на дзесяць рублёў, але гэта, калі норма вады не перавышаная.
“Калі жыллёва-камунальныя паслугі ў межах нарматываў, тады мы плацім па субсідаваных тарыфах, калі перавысілі, то плацім па поўных тарыфах”, ― распавядае намесніца начальніка “Гарадской жыллёвай гаспадаркі” Юлія Сагайдак.
Але яшчэ да гэтага падаражання мінчане нібыта пачалі аплачваць 60% камунальных плацяжоў. Як лічаць гэтыя адсоткі? Бярэм дзве жыроўкі за двухпакаёўку ў хрушчоўцы. За кастрычнік уласнік плаціць 40% камуналкі, астатняе ― дзяржава. За лістапад ужо больш за 60%, пры гэтым сума мяняецца на 10% (на 4 рублі).
“Дамы ўсе розныя, недзе людзі плацяць і 90. Немагчыма даказаць, што мы плацім 60%, бо лічба называецца ў сярэднім па абсалютна розных затратах. Цяпло сёння самае таннае, некаторыя тарыфы ўжо 100%. Усё гэта разам складваюць, бяруць розныя дамы ў розных рэгіёнах, дзеляць на колькасць людзей і атрымліваюць нейкую лічбу”, ― апісвае дзіўную формулу Генадзь Калёнаў, выканаўчы дырэктар Міжнароднай арганізацыі мэнэнджменту ў Беларусі.
Па словах Генадзя Калёнава, ва ўсім свеце “жыроўку” вылічваюць інакш.
“У Азіяцкім, Еўрапейскім, Амерыканскім свеце расходы размяркоўваюцца па долі ў агульнай маёмасці паміж домаўладальнікамі. Таму ў гэтых краінах зразумелыя жыроўкі. А наш разлік заўжды складаны, бо колькасць зарэгістраваных у доме мяняецца ўвесь час. Таму ў нас самая вялікая жыроўка ў свеце і самая незразумелая”.
Поўныя тарыфы таксама нібыта завышаныя. Такую думку ў эфіры Еўрарадыё выказвае старшыня таварыства ўласнікаў Юрый Вадзяніцкі. На яго думку, дзяржава не мусіць замацоўваць кошт камунальных паслуг у законах. Тады будзе канкурэнцыя.
“Цяпер існуе манаполія на большасць паслуг. Указамі стабілізуюцца кошты. Калі сабекошт паслугі ― дзесяць рублёў, яе зніжаюць да сямі рублёў. Але ад гэтага церпіць якасць .А рынкавая эканоміка дае магчымасць знізіць кошты за кошт аптовых закупак і канкурэнцыі”, ― дадае Юрый Вадзяніцкі.
Па падліках эксперта, з новым студзеньскім падаражаннем мінчане аплачваюць ужо каля 75% кошту паслуг ЖКГ.