Мінэканомікі: ВУП Беларусі ў I квартале 2018 года можа вырасці на 2,1%
Беларусь мае рэзервы для росту валавога ўнутранага прадукту ў I квартале 2018 года не ніжэй за 102,1%. З такой заявай міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі выступіў пасяджэнні Прэзідыума Савета міністраў падчас дакладу аб ацэнцы вынікаў работы эканомікі ў студзені і I квартале 2018 года, перадае БЕЛТА.
"Макраэканамічная сітуацыя ў эканоміцы стабільная, вонкавыя ўмовы абяцаюць быць спрыяльнымі, галіновы аналіз паказвае наяўнасць рэзерваў для дасягнення і ўтрымання па кварталу тэмпаў росту ВУП не ніжэй за 102,1%. Мэтавая матрыца задач вертыкалі ўлады выбудаваная. Далей усё залежыць ад выканаўцаў, іх прафесіяналізму, ступені адказнасці і жадання працаваць", — паведаміў міністр.
Зіноўскі адзначыў у цэлым паспяховае завяршэнне 2017 года.
Па яго словах, на 2018 год для органаў дзяржкіравання сфармуляваныя паказчыкі па зніжэнні выдаткаў, працаўладкаванні грамадзян, імпартазамяшчэнні і разліковыя параметры сярэднямесячнага заробку ў разрэзе дзяржорганаў і рэгіёнаў.
Міністр лічыць, што ацэнка працы галін эканомікі ў першыя тры месяцы года, пададзеная профільнымі органамі дзяржкіравання, была празмерна асцярожнай, асабліва з улікам невысокай базы I квартала мінулага года.
На яго думку, залішне стрыманыя ацэнкі былі ў такіх галінах, як прамысловасць, будаўніцтва, гандаль і транспарт. Напрыклад, у прамысловасці больш высокія тэмпы росту могуць забяспечыць павелічэнне вытворчасці на прадпрыемствах канцэрна "Белнафтахім" і Мінпрама з улікам прынятых рашэнняў па падтрымцы.
Таксама Зіноўскі заклікаў як мага хутчэй стварыць прывабныя ўмовы, каб беларусы куплялі айчынныя легкавыя аўтамабілі. Ён нагадаў, што выпуск запланаванай колькасці аўтамашын павінен забяспечыць прырост прамысловасці ў цэлым больш чым на 1 адсотак.
"Таксама чакаем эфект там, дзе завершаныя інвестпраекты. У лёгкай прамысловасці гэта Аршанскі льнокамбінат і "Камволь". У дрэваапрацоўцы — выпуск у I квартале Светлагорскім ЦКК каля 30 тыс. тон новай прадукцыі — цэлюлозы. З улікам поўнай аддачы і мабілізацыі ўсіх рэзерваў, тэмпы росту ў цэлым па прамысловасці павінны скласціся ў студзені не ніжэй 102,5%, у I квартале - 102,2%", — падсумаваў чыноўнік.
Ён нагадаў, што ў снежні Міністэрства эканомікі з выездам на месцы правяло абарону планаў развіцця абласцей і Мінска на 2018 год. Выявілася, што ў рэгіёнах ёсць праблема балансавання і ўвязкі паказчыкаў, планы патрабуюць дапрацоўкі ў частцы інвестыцый, заробкаў і ўвязкі з імі тэмпаў рознічнага тавараабароту, стварэння новых працоўных месцаў. Мінэканомікі прапануе даручыць аблвыканкамам і Мінгарвыканкаму дапрацаваць планы развіцця з улікам абмеркавання гэтых пытанняў на пасяджэнні Прэзідыума Савета міністраў і зацвердзіць іх да 1 лютага.