Мінэнерга: адмовіўшыся ад беларускай энергіі, Украіна створыць сабе праблемы

Беларуская АЭС / EPA/Vostock-photo
Беларуская АЭС / EPA/Vostock-photo

Адмова Украіны ад імпарту беларускай электраэнергіі не паўплывае на працу энергасістэмы Беларусі, кажуць у Міністэрстве энергетыкі.

Там тлумачаць, што Украіна сёлета закупляла і без таго няшмат электраэнергіі ў Беларусі. А вось гэтай зімой пастаўкі ўзраслі — такім чынам Беларусь дапамагла Украіне забяспечыць працу энергасістэмы пры неспрыяльных умовах надвор'я.

Украіна насамрэч запрасіла ў Мінска 650 МВт электраэнергіі ў лютым. Тады Кіеў запрасіў экстранную дапамогу з-за аварыйнага адключэння самай магутнай сваёй ТЭС — Запарожскай.

"Рашэнне аб абмежаванні імпарту беларускай электраэнергіі стварае пэўныя рызыкі перш за ўсё для ўкраінскіх спажыўцоў электраэнергіі. Але, як відаць, у гэтым выпадку палітыка мацней за эканамічныя аргументы", — кажуць у Мінэнерга.

Беларусь разглядала ўкраінскі рынак для экспарту

Аб тым, што Мінск адмовіцца ад электраэнергіі з беларускай АЭС, заявіла прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманіце пасля сустрэчы з украінскім калегам Дзянісам Шмыгалем. Літва гэта рашэнне падтрымала.

Сам Шмыгаль заявіў тады, што мэта Украіны — максімальная інтэграцыя энергетычных рынкаў з рынкамі ЕС, сінхранізацыя аб'яднанай энергетычнай сістэмы Украіны з ENTSO-E, еўрапейскай сеткай сістэмных аператараў перадачы электраэнергіі.

Беларусь жа яшчэ ў траўні бачыла Украіну як патэнцыйнага пакупніка сваёй электраэнергіі. Плануецца, што БелАЭС будзе забяспечваць каля 40% патрэбы краіны ў электраэнергіі. Але ў траўні Мінэнерга заяўлялі, што гатовыя забяспечыць экспарт у краіны Балтыі і Украіну.

"У першую чаргу мы нацэленыя на задавальненне ўнутраных патрэб, але калі спатрэбяцца пастаўкі ў краіны Балтыі і Украіну, мы гатовыя іх забяспечыць. Для гэтага ёсць усе тэхнічныя магчымасці",казаў кіраўнік міністэрства Віктар Каранкевіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі