Міністр адукацыі заявіў, што бацькі пазітыўна ўспрымаюць шосты школьны дзень
Міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка заявіў, што бацькі пазітыўна ўспрымаюць шосты школьны дзень. Паводле яго слоў, ён наведаў шэраг навучальных устаноў і размаўляў з бацькамі школьнікаў. Яны ў суботы даведваюцца пра поспехі ці праблемы сваіх дзяцей у вучобе, і дзякуючы гэтаму можна скарэктаваць адукацыйны працэс, кажа Карпенка. Міністр адзначыў, што педкалектыў павінен рацыянальна выкарыстоўваць дадатковы дзень ва ўстановах адукацыі, інфармуе БЕЛТА.
Як паведамляла Еўрарадыё, міністр адукацыі Ігар Карпенка падпісаў загад пра новыя формы працы ў шосты школьны дзень 19 студзеня. Мяркуецца, што ў суботу для вучняў і бацькоў будуць праводзіць кансультацыі па вучэбных прадметах — своеасаблівыя дадатковыя заняткі, "каб дзеці лепш засвоілі матэрыял". Міністэрства адукацыі Беларусі пазней паведаміла, што наведванне ў суботы будзе добраахвотным.