Міністр унутраных спраў Украіны: Гэта ўзброенае ўварванне і акупацыя
Арсен Авакаў пракаментаваў апошнія падзеі ў Крыме, дзе расійскія вайскоўцы і людзі ў цывільным захопліваюць аэрапорты.
Міністр унутраных спраў напісаў у Facebook наступнае:
"Крым. Дакладваю становішча па выніках ночы, каб не карысталіся чуткамі:
1. Аэрапорт Бельбек. Заблакаваны ваеннымі падраздзяленнямі флоту РФ. Унутры аэрапорта знаходзяцца ваенныя і памежнікі Украіны. Звонку — вайскоўцы ў камуфляжы і са зброяй без апазнавальных знакаў, але не хаваюць сваёй прыналежнасці. Аэрапорт не працуе. На знешнім перыметры пасты МУС Украіны. Узброенага сутыкнення пакуль няма.
2. Аэрапорт Сімферопаль. Каля 12-й ночы група ў грамадзянскім, каля 100 чалавек, якая назвалася казачай сотняй, пераадолеўшы агароджу на тэрыторыю аэрапорта выйшла на поле аэрадрома.
Сіламі ўнутраных войскаў і міліцыі гэтыя людзі былі адціснуты спачатку ў будынак аэрапорта, а затым і зусім за тэрыторыю. Зброя не ўжывалася. Раён аэрапорта быў пакінуты "казакамі" каля гадзіны ночы — пагрузіліся на тэнтаваныя КамАЗы і з'ехалі.
Каля 1.30 ночы ў будынак аэрапорта прыбылі на некалькіх грузавіках 119 ваенных з аўтаматычнай зброяй у камуфляжы без апазнавальных знакаў. Увайшлі ў будынак аэрапорта, размясціліся ў памяшканні рэстарана. Не хаваюць сваёй прыналежнасці да ўзброеных сіл расійскай федэрацыі. На пытанні ўкраінскіх супрацоўнікаў МУС "вы ваенныя і не маеце права тут знаходзіцца" — адказваюць коратка — не маем інструкцый весці з вамі перамовы. Сітуацыя статычная, зброя з абодвух бакоў не ўжывалася. Расійскія вайскоўцы статычна назіраюць за працай аэрапорта, наўпрост не ўмешваюцца.
Унутраныя войскі і МУС Украіны ўзмацнілі нарады ў раёне аэрапорта. Напружанне нарастае.
Супрацьстаяць рэгулярным ваенным сілам органы правапарадку не змогуць.
Тое, што адбываецца, ацэньваю, як УЗБРОЕНАЕ УВАРВАННЕ І АКУПАЦЫЯ. У ПАРУШЭННЕ ЎСІХ МІЖНАРОДНЫХ ДАМОВАЎ І НОРМАЎ. Гэта прамая правакацыя ўзброенага кровапраліцця на тэрыторыі суверэннай дзяржавы.
Гэта ўжо не кампетэнцыя МУС. Гэта кампетэнцыя СНБА [Савета нацыянальнай бяспекі і абароны]. Пакуль яшчэ няма прамога ўзброенага сутыкнення, павінны гаварыць дыпламаты".
Фота з сацыяльных сетак.