Мінск арабскі: ад чаго бягуць мігранты і ці засталіся беларусы талерантнымі
Ці прайшла беларуская талерантнасць выпрабаванне крызісам? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Некалькі месяцаў таму гасцей з блізкаўсходніх краін прывозілі да гатэляў на аўтобусах. Гэта былі заможныя людзі, у якіх хапала грошай на жыццё ў гатэлі.
Цяпер познім вечарам у Мінску можна ўбачыць людзей, якія сустракаюць беларускі лістапад на вуліцы. У суполках мігрантаў пішуць, што сярод іх могуць быць і тыя, у каго скончыліся візы, без якіх засяліцца ў гатэлі немагчыма, — і проста бедныя людзі.
"Сем'яў з дзецьмі паменшала"
У салонах мабільнай сувязі на Нямізе турысты афармляюць сімкі сем'ямі. Даваць каментары супрацоўнікі адмаўляюцца, спасылаючыся на аўдыязапіс, які вядзецца ў кожным салоне, і прапануюць звярнуцца па статыстыку нядаўна зарэгістраваных у сетцы гасцей сталіцы ў кол-цэнтр.
Тыя, хто сімкі ўжо набыў, блукаюць па Мінску з тэлефонам у руках: адзвоньваюцца блізкім па відэасувязі.
Людзі з аднастайнымі торбамі "Аляска" мігруюць паміж гатэлямі і ГЦ Galleria Minsk. Ля гандлёвага цэнтра стаяць машыны міліцыі, па праспекце прагульваецца патруль. Ля Палаца спорту аформіўся невялікі лагер: лаўкі ля фантана заваленыя торбамі і заплечнікамі, іх уладальнікі групкамі сядзяць побач.
Супрацоўнікі гатэляў, якія пагадзіліся з намі пагаварыць, падрабязнасцяў у апісанне гэтай карціны могуць дадаць няшмат. Кажуць, маўляў, вы ж самі ўсё бачыце. Пастаяльцаў называюць "турысты" і з разуменнем усміхаюцца.
"Раней людзей прывозілі цэнтралізавана: то аўтобусамі, то бусамі. Цяпер яны засяляюцца невялікімі групамі чалавекі па тры. Пару тыдняў таму стала прыкметна менш дзяцей, а да гэтага ехалі сем'ямі з дзецьмі, і часта гэта было далёка не адно дзіця", — расказвае адзін з супрацоўнікаў мінскага гатэля.
У іншым гатэлі кажуць, што ў дыялог з пастаяльцамі ўступіць практычна немагчыма: вельмі нямногія ведаюць хоць бы англійскую мову.
"Адно аднаму перакладаюць рэдка: яны ўсе з розных краін. Як яны збіраюцца жыць у Еўропе? Навошта яны туды едуць? Па дапамогу?" — задаюцца супрацоўнікі гатэляў пытаннямі.
Ад чаго гэтыя людзі ўвогуле бягуць? Мы запыталіся ў праваабаронцаў.
— Мы сутыкаліся ў асноўным з курдамі з Ірака. Мне асабліва запомнілася адна гісторыя: чалавек служыў у паліцыі ў Іраку, з'ехаў, баючыся тэрарыстычных нападаў, якія здзяйсняюцца ў тым ліку на паліцэйскіх участках.
Іншы наш суразмоўнік атрымаў раненне пры абстрэле — таксама ў часе тэрарыстычнай атакі. Гісторыі розныя, ва ўсіх людзі вымушаныя былі сабраць рэчы і паспрабаваць знайсці прыстанішча ў Еўропе.
Мы разумеем, што не ўсе могуць гаварыць праўду. Але мы пакуль не сустракалі людзей, якія пакінулі свае краіны з эканамічных прычын, у асноўным людзі бягуць, таму што асцерагаюцца за сваё жыццё.
Днём пастаяльцаў у гатэлі няшмат. Нам расказваюць, што большасць "турыстаў" у гэты час ідуць па пакупкі. А раніцай іх у лобі было "чалавек 150".
"Прыходзьце ўвечары, самі ўсё пабачыце, — загадкава анансуюць у гатэлі. — Усе таксісты каля гатэля "зараджаныя", ведаюць, куды ехаць".
Зрэшты, увечары ў гатэлі асаблівых змен не было прыкметна. У лобі — група з дзесяці пастаяльцаў, і ў самім гатэлі, і вакол яго — ціха.
Куды як больш людна ўвечары ўсё на той жа пляцоўцы ля ГЦ Galleria Minsk. Хоць у гатэлях і шмат замежнікаў, не кожны з іх можа дазволіць сабе пакой, і а 10-й вечара дзясяткі людзей усё яшчэ сядзелі на заплечніках і рэчмяшках ля фантанчыка побач з гандлёвым цэнтрам.
"Раней былі людзі пры грашах, цяпер — маламаёмныя"
Супрацоўнікі фудкорта і крам у ГЦ Galleria Minsk размаўляюць вельмі акуратна. Хтосьці расказвае, што "турысты" аддаюць перавагу плову — на фудкорце асабліва людна ля ўстаноў з усходнімі стравамі. Хтосьці канстатуе відавочнае: ну так, замежнікаў больш, чым было, але працягваць размову адмаўляецца.
У руках у аднаго з гасцей сталіцы — пакет "Спортмайстар". Лагічна выказаць здагадку, што там турысты закупляюцца ўсім неабходным для хуткага небяспечнага пераходу. Але ў "Спортмайстру" сказалі, што нейкага надзвычайнага наплыву гасцей не заўважылі.
А вось таксісты — заўважылі. Таксіст Анатоль (імя суразмоўніка змененае) прадказальна пачаў заўважаць замежных турыстаў сярод кліентаў у сярэдзіне лета. У апошнія два тыдні іх стала асабліва шмат — і гэта ўжо не тыя турысты, якіх прывозілі ў гатэлі на аўтобусах.
— Раней было прыкметна, што людзі пры грашах. Цяпер едуць бедныя, маламаёмныя, без грошай. Раней з Мінска яны адпраўляліся на Брэст і Гродна, а цяпер толькі на Гродна: людзі кажуць, там чамусьці прасцей перайсці мяжу. Мы становімся нейкім Парыжам. Спагады ўжо няма.
Наш суразмоўнік стаў заўважаць, што людзі прыязджаюць у Мінск ужо больш падрыхтаваныя. Яго апошнія кліенты былі апранутыя і абутыя па надвор'і. Калі наш суразмоўнік выказаў здагадку, што госці прыехалі з Ірака, яго паправілі — з Сірыі.
— Хлопцы былі больш-менш пры грашах, знялі кватэру. У кожнага па тры пакеты ў руках. Намёты, боты лёгкія дзьмутыя. Я паставіў ім запісаную фразу з перакладчыка, якую выкарыстоўваў для зносін з іракцамі, а яны сказалі: мы не іракцы, мы сірыйцы. Па маіх назіраннях, сірыйцы едуць на Брэст, а іракцы — на Гродна.
— Мы запусцілі маніторынг сітуацыі, стараемся апытваць транзітных уцекачоў, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. І для гэтага нам патрэбныя людзі, якія валодаюць вуснай арабскай мовай, паколькі большасць людзей не валодаюць англійскай або французскай мовай.
У вымушаных мігрантаў ёсць запыт на цёплую вопратку і медыкаменты. Некаторыя з іх цяпер растрачваюць свае апошнія грошы і застаюцца без жылля. Мы ўжо назіраем, што частка людзей начуе на вуліцы, прычым з маленькімі дзецьмі.
Алена дадае — ёсць вялікая патрэба ў медыцынскай дапамозе з боку тых людзей, якія вымушаныя былі правесці некалькі дзён у лесе, у прымежных раёнах. У некаторых з іх стан, блізкі да абмаражэння, або праблемы з нагамі праз тое, што доўга сядзелі ў адным становішчы.
— Ім патрэбна і прававая дапамога. Людзі, якія прыязджаюць у Беларусь, часам зусім не разумеюць, якія ў іх ёсць правы, якія абавязацельствы, якая працэдура атрымання прыстанішча ў Еўропе, ці могуць яны атрымаць прыстанішча ў Беларусі. І даводзіцца праводзіць яшчэ і асветніцкую працу.
Часцей за ўсё да нас звяртаюцца ўжо пасля няўдалай спробы перасячэння мяжы. А часам мы атрымліваем запыты ад сваякоў людзей, якія знаходзяцца пад аховай памежнікаў у лесе пасля няўдалай спробы трапіць у Еўропу.
Часам замежнік — гэта турыст
У тэматычных суполках у сацсетках таксама часам з'яўляюцца здымкі людзей, якія начуюць на вуліцы. У каментарах да адной з такіх публікацый адзін з карыстальнікаў Азіз апублікаваў відэа, знятае з акна гатэля "Юбілейная".
Азіз родам з Ірака. Мы распыталі яго пра тое, як ён трапіў у Беларусь. Па словах нашага суразмоўніка, ён пабываў тут яшчэ летам. Сябар Азіза прыехаў у Мінск на вучобу і шмат расказваў яму пра Беларусь. У ліпені Азіз вырашыў "уцячы" ад іракскай спякоты і паглядзець на Мінск.
— Выдатны досвед, выдатная атмасфера. У Беларусі людзі вельмі добрыя, чалавечныя. У першы дзень майго знаходжання тут я збіраўся паехаць у рэстаран і папрасіў дзяўчыну на вуліцы дапамагчы мне выклікаць таксі. Калі я прыехаў на месца, аказалася, што яна аплаціла маю паездку, нават не сказаўшы пра гэта.
Калі-небудзь я б хацеў зноў прыляцець у Беларусь, але іракскія авіялініі спынілі палёты праз праблемы нелегальнай міграцыі. Я спадзяюся, што гэтая праблема будзе вырашана, а жыццё ў вашай краіне вернецца ў нармальнае рэчышча.
Чаму людзі з Ірака адважваюцца на нелегальную міграцыю? Праз беспрацоўе або палітычную сітуацыю, праз тэрарызм. І магчыма, з рэлігійных прычын — калі гаворка, напрыклад, пра езідаў [канфесія курдаў. — Еўрарадыё].
"Людскае стаўленне — гэта тое, чаго мы самі шукалі ў 2020 годзе"
Беларусы на праверку аказаліся талерантнымі да вельмі пэўнай ступені. Талерантнасць скончылася там, дзе першыя мігранты засталіся спаць пад адкрытым небам.
З іншага боку, стаўленне беларусаў да праблемы нерэгулярнай міграцыі складанейшае, перакананы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Вадзім Мажэйка.
Беларусы сутыкнуліся не з натуральнай хваляй міграцыі, а з гібрыднай вайной. Таму да разнастайнасці эмоцый, якія адчуваюць, бачачы людзей, што начуюць на вуліцы, можа прымешвацца яшчэ і пачуццё віны перад Еўропай, хоць не на беларусах ляжыць віна за крызіс, падкрэслівае Мажэйка.
— Я чую цяпер і людзей, якія спачуваюць мігрантам, і тых, хто кажа, што яны самі вінаватыя. Але мне здаецца, важна разумець, што беларусы сутыкнуліся не проста з натуральнай хваляй міграцыі, з якой сутыкаюцца, напрыклад, жыхары Турцыі.
Беларусь сутыкаецца з гібрыднай вайной. І ў гэтым сэнсе ні ў адной краіне свету людзі не будуць радыя, калі ўлада будзе ператвараць краіну ў транзітны лагер уцекачоў, арыентуючыся на свае палітычныя мэты. Гэтая сітуацыя нікога не парадуе.
А становішча, у якім апынуліся мігранты, пагаршаецца тым ціскам, які адчулі на сабе недзяржаўныя арганізацыі. Праз гэта тыя самыя праваабаронцы не могуць аказаць гэтым мігрантам настолькі поўную дапамогу, якую маглі б аказаць некалькі гадоў таму.
Для мяне адказаць на пытанне пра тое, як сябе паводзіць у дачыненні да мігрантаў, вельмі проста: гэтаксама, як паводзіць сябе ў дачыненні да людзей. Па-людску. Памятаць, што людскае стаўленне — гэта тое, чаго шукалі самі беларусы ўвесь 2020 год.
Калі не Еўропа, то што?
Дапусцім, спроба трапіць у Еўропу не ўдалася. Як доўга чалавек можа заставацца ў Беларусі? Да заканчэння візы. А пасля, калі праваахоўнікі правераць у яго дакументы, ён павінен будзе пакінуць тэрыторыю нашай краіны.
Але ў Human Constanta кажуць, што ўжо цяпер вялікая колькасць транзітных уцекачоў знаходзіцца ў краіне са скончанай візай. Ці могуць гэтыя людзі застацца ў Беларусі?
У Беларусі, як і ў іншых краінах, існуе механізм міжнароднай абароны. Транзітныя ўцекачы могуць падаваць прашэнне на статус уцекача або дадатковую абарону. Праблема ў тым, што Беларусь на працягу многіх гадоў выносіла вельмі малую колькасць станоўчых рашэнняў у адказ на такія запыты.
Складана меркаваць, з чым гэта звязана. Але на цяперашні момант палітыка дзяржавы ў тым, каб выкарыстоўваць людзей як механізм ціску. І я асцерагаюся, што пры такім становішчы рэчаў пры падачы заявы на атрыманне статусу ўцекача імавернасць атрымаць яго будзе яшчэ меншая.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.