Мінск увесь у лісці: чаму "Зялёнбуд" не паспявае і ці так трэба лісце прыбіраць?
Ці так трэба расчышчаць лісце? / canva
Працоўны дзень супрацоўніка "Зялёнбуда", які працуе на прыборцы лістоты, пачынаецца ў сем раніцы. Да 16 гадзін нельга будзе расстацца з граблямі і лапатай — вымятаць, выграбаць, грузіць апалае лісце.
У асноўным тут працуюць людзі перадпенсійнага ўзросту — або тыя, хто ўжо на пенсіі. Атрымліваюць яны за сваю працу восенню 850 рублёў, а зімой заробак будзе яшчэ меншы.
У "Зялёнбудзе" на ўмовах ананімнасці нам расказалі, што калі так пойдзе далей, то на ўсё апалае лісце ў горадзе рабочых рук не хопіць. Ды іх ужо не хапае.
"Людзі ідуць на пенсію, а замена не прыходзіць"
Супрацоўнікі "Зялёнбуда" звальняюцца, а работы менш не становіцца. Вынік — непрыбранага лісця ў парках і скверах стала больш, расказала Еўрарадыё адна з супрацоўніц арганізацыі, якая прадставілася Ганнай (імя суразмоўніцы змененае).
"Наша брыгада паменшылася больш чым удвая — людзі сыходзяць на пенсію. А цяпер многія яшчэ і хварэюць. А ў некаторых брыгадах, якія прыбіраюць цэнтр горада, адток супрацоўнікаў яшчэ большы", — кажа Ганна.
Адназначна адказаць на пытанне, з чым гэта звязана, суразмоўніца Еўрарадыё не бярэцца. Самы відавочны варыянт — заробак, які, у адрозненне ад цэн, спыніўся на месцы. Калі ўвесну, улетку і ўвосень супрацоўнікі "Зялёнбуда" могуць атрымаць да 850 рублёў, то ўзімку — усяго каля 600.
Улетку крыніца дадатковага заробку — розныя дамовы. Тое самае добраўпарадкаванне газонаў. А ўзімку дадаткова нічога не заробіш. Усё, на што можна разлічваць, — "гароднінныя грошы", якія належаць па калектыўнай дамове. Праўда, сумы гэтыя зусім смешныя, кажа Ганна.
"Цэны растуць, заробак — не расце. Можа, таму людзі да нас не ідуць? У выніку людзей не стае, а новыя задачы спускаюцца. Напрыклад, зараз мы павінны высадзіць у раёне МКАД і праспекта Пераможцаў вялізную колькасць кустоў. Калі раней высаджвалі каля пяці тысяч, то цяпер нам сказалі высадзіць пад 60 тысяч кустоў. Вынік — з астатняй працай людзі проста не паспяваюць спраўляцца, адсюль і нерасчышчаныя паркі, лістота не прыбіраецца, не паспяваем", — кажа Ганна.
Большасць супрацоўнікаў брыгад, якія застаюцца працаваць, — пенсійнага ці перадпенсійнага ўзросту. А праца цяжкая, кажа суразмоўніца Еўрарадыё.
"Людзі цэлымі днямі працуюць з лапатай, з граблямі — вядома, яны стамляюцца. І ў выніку сыходзяць туды, дзе ў немаладым узросце працаваць лягчэй, — напрыклад, на вахту. Моладзь да нас калі і прыходзіла, то праз пару месяцаў ужо сыходзіла. Паглядзяць: працаваць цяжка, плацяць мала — і звальняюцца", — расказвае Ганна.
Ліставога апакаліпсісу яна ўсё ж не прадракае: абяцае, што прыбіраць Мінск ад апалага лісця супрацоўнікі "Зялёнбуда" будуць да апошняга.
На што скардзяцца самі работнікі, акрамя заробкаў? Часам суровыя мужчыны з брыгады Ганны скардзяцца на мінчукоў. Дакладней, на сабакароў, якія пакуль так і не прывыклі прыбіраць за сваімі жывёламі.
"Яны маўклівыя, нашы супрацоўнікі, асабліва мужчыны. Сварыцца не стануць", — кажа Ганна. Але калі да іх працы будуць ставіцца з большай павагай — так, сабакары, вас гэта таксама датычыцца, — будуць радыя.
"Цяжка дворнікам, вельмі цяжка"
"Зялёнбуд" прыбірае лісце на вуліцах, у скверах і парках. А ўнутрыдваровыя тэрыторыі абслугоўвае ЖЭУ або ЖРЭА. Чытачы падзяліліся з намі здымкамі аднаго з двароў у Серабранцы і папрасілі даведацца ў камунальнікаў, чаму сёлета лісця пад нагамі больш, чым раней.
У адным з ЖЭУ Ленінскага раёна нас запэўнілі: і супрацоўнікаў досыць, і тэхнікі — проста дрэў у Серабранцы больш, чым у іншых раёнах горада.
— Штодня выграбаем, грузім, а лістота ўсё падае і падае. Вось вам прыклад: днямі на Ракасоўскага, 105 прыбралі ўсё да апошняга лісціка. А вецер падзьмуў — усё абсыпалася, літаральна на наступны дзень карцінка была такая, як быццам ні дворнікі, ні тэхніка там не працавалі. Ну а што зробіш? Такая наша праца.
Такая сітуацыя паўтараецца кожны год. У цэнтры дрэў не так шмат. У нас — вельмі шмат, прычым ва ўсіх дварах. Цяжка дворнікам, вельмі цяжка. Але да канца лістапада, я думаю, усё прыбяром.
А дзесьці дрэвы стаяць яшчэ зялёныя, не без тугі кажуць у ЖЭУ. Гэта значыць, што ў тых раёнах лісце яшчэ грэбці і грэбці.
Як часта трэба прыязджаць на кожны ўчастак? Кожныя два-тры дні, кажуць у ЖЭУ.
— Калі б гэтая лістота ляжала ў парках і скверах, можа, і няхай бы ляжала. А на прыдамавых тэрыторыях яе трэба прыбраць. Яе ветрам зносіць на праезную частку, гэта непрыгожа, дарога адразу выглядае бруднай, а ўсе думаюць: і дзе ж вашы дворнікі? Але запэўніваю вас: гэта не таму, што людзі не працуюць. Такі сезон.
А ці так трэба лісце прыбіраць?
Мы вырашылі высветліць, для чаго наогул так старанна прыбіраць лістоту — няўжо проста, "каб было чыста"? А ці можа ліставое покрыва быць карыснае, скажам, для глебы? Эколагі не спяшаюцца заступацца за лісце. З аднаго боку, яно можа стаць арганічным угнаеннем для глебы. З іншага — у горадзе яно занадта забруджанае ў тым ліку цяжкімі металамі, каб варта было змагацца за такое ўгнаенне.
А ў Інстытуце ЖКГ пры Акадэміі навук нам растлумачылі: намоклая куча лісця можа быць яшчэ і небяспечнай.
— Карысць ад ліставога покрыва можа быць для глебы, але нязручнасцяў для насельніцтва будзе больш. Лістота, якую вецер размятае па горадзе, трапляе на дарожкі, горш — на праезную частку. Калі яна прытым намоклая, можа стварацца аварыйная сітуацыя: машына, наехаўшы на вялікую колькасць мокрай лістоты, можа не здолець затармазіць.
Таму яе і прыбіраюць. Там, дзе яна не перашкаджае, яе не чапаюць. Напрыклад, у буйных паркавых масівах, дзе няма пешаходных дарожак, — напрыклад, у раёне Музея камянёў. Там лістота перагнівае, угнойвае глебу — арганічнае ўгнаенне.
Дарэчы, лістота, якую ўсё ж збіраюць, таксама часцяком у выніку ператвараецца ў арганічнае ўгнаенне. Кожнае прадпрыемства, якое займаецца зборам лістоты, самастойна вырашае яе лёс.
— Хтосьці вывозіць на захаванне на палігон, а хтосьці — на пляцоўкі кампаставання.
Наогул жа пляцоўкі кампаставання ёсць у кожным раёне. У Слоніме, напрыклад, уся лістота, усе галінкі вывозяцца на пляцоўку кампаставання. А потым гэты кампост выкарыстоўваецца ў цяплічнай гаспадарцы.
Ці, напрыклад, калі трэба аднавіць газон пасля таго, як яго раскапалі, — напрыклад, каб пракласці цеплатрасу або адрамантаваць трубы водаправода.
"Зялёнбуд", ЖКГ — кожны вырашае самастойна, што рабіць са сваімі апалым лісцем. Справа за малым — засталося яго сабраць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.