Мінскага чыноўніка Дамарацкага ўжо не вінавацяць у шкодзе гораду на 3 млн рублёў
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска працягваецца працэс па справе былога намесніка кіраўніка Мінска, былога кіраўніка галоўнага ўпраўлення спажывецкага рынку (ГУСР) Андрэя Дамарацкага. Чыноўніка вінавацяць у карупцыі. На 17 чэрвеня былі прызначаныя судовыя спрэчкі, аднак пракурор нечакана пачаў зачытваць новае абвінавачанне, піша TUT.by.
Дамарацкага вінавацяць па трох карупцыйных артыкулах. Першае абвінавачанне — атрыманне хабару на суму 2500 долараў. Нібыта гэтыя грошы чыноўнік атрымаў за дазвол на размяшчэнне летняй кавярні Golden coffee на вуліцы Кірава ў Мінску. Абвінавачванне сцвярджае, што прадпрымальнік Васіль Садоўскі праз свайго прыяцеля Дзмітрыя Валадзько перадаў хабар Дамарацкаму. Садоўскі ў судзе заявіў, што грошы ў якасці хабару не перадаваў, Дамарацкага не ведаў, прызнальныя паказанні напісаў пад дыктоўку следчага, бо хацеў хутчэй вярнуцца дадому пасля доўгага допуты ў КДБ. Валадзько сцвярджае, што быў пасярэднікам паміж Садоўскім і Дамарацкім. Праўда, як перадаваў грошы, не памятае і відэазапісу пра гэта няма. Дамарацкі абвінавачанне не прызнае.
Другі пункт абвінавачвання — злоўжыванне ўладай. Нібыта, ад загадаў Дамарацкага бюджэт горада не атрымаў 3 мільёны рублёў.
Гэты пункт звязаны з будаўніцтвам гандлёвага цэнтра "Сталіца", за будаўніцтва якога гарадскія ўлады мусяць выплочваць крэдыт. Высветлілася, што Дамарацкі як кіраўнік ГУСР завысіў паказчыкі працы свайго ўпраўлення, каб пералічыць атрыманыя грошы на выплату крэдыту за "Сталіцу".
Калі б ГУСР не заплаціў гэтыя грошы, давялося б плаціць Мінгарвыканкаму як гаранту па крэдыце. У гэтым разе сродкі давялося б забіраць з мясцовага бюджэту. Начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінгарвыканкама Аляксей Афанасьеў у судзе заявіў, што шкоды не было: "Важна, што грошы засталіся і былі накіраваныя на пагашэнне крэдыту".
Гэтага пункту ў новым абвінавачванні ўжо няма.
Трэці пункт абвінавачвання — незаконнае атрыманне прэміі на суму каля 1000 долараў за штучна завышаныя паказчыкі працы ГУСР. Прэмія была ўзгодненаня былым кіраўніком Мінгарвыканкама Андрэем Шорцам. За два месяцы да затрымання Дамарацкі вярнуў Мінгарвыканкаму ўсе грошы.
І па папярэднім, і па новым абвінавачанні экс-чыноўнік віну не прызнае.