Мінскі выкладчык падаў у суд на Міністэрства адукацыі
Зварот у Міністэрства адукацыі / Сяргей Альшэўскі
У пятніцу, 26 ліпеня, выкладчык Сяргей Альшэўскі падаў скаргу ў суд Маскоўскага раёна Мінска на службовых асоб Міністэрства адукацыі. Ён незадаволены адказам чыноўнікаў на свой электронны зварот, які тычыцца перапоўненых класаў у навучальных установах краіны.
"Статыстычныя дадзеныя, якімі штогод дзеліцца Мінадукацыі, сведчаць пра тое, што ў Беларусі ёсць глабальная праблема перапоўненых класаў, — тлумачыць выкладчык журналісту Еўрарадыё. — Разам з іншымі калегамі мы правялі онлайн-апытанне, якое паказала, што гэта сапраўды так. Напрыклад, у патрабаваннях Кодэкса аб адукацыі прапісана, што напаўняльнасць класаў у гімназіях не павінная перавышаць 20 чалавек. У адной сталічнай гімназіі ёсць клас, у якім лічыцца аж 36 вучняў! І гэта толькі адзін прыклад".
Па словах Сяргея Альшэўскага, праблема перапоўненых класаў актуальная для ўсіх рэгіёнаў краіны. Амаль палова (47,6%) з 315 апытаных бацькоў распавяла, што ў класах іх дзяцей вучыцца ад 26 да 30 школьнікаў.
"На праверку сшыткаў настаўніку даецца 20-24 хвіліны, і гэта аплачваецца, — кажа выкладчык. — Адна справа — праверыць 20 сшыткаў, іншая — 34. Праблема і ў нагрузцы: настаўнік выкладае фактычна двух класах, а атрымлівае як за адзін. Зразумела, што ад гэтага цярпіць і якасць адукацыі".
Сяргей Альшэўскі накіраваў свае заўвагі ў Мінадукацыі. Прыйшоў адказ, падпісаны першай намесніцай міністра Ірынай Старавойтавай:
"Пунктам 35 Санітарных норм і правілаў ўстаноўлена, што плошча вучэбных памяшканняў павінная быць не меншай за 2 кв.м на аднаго вучня. Напаўняльнасць класаў рэгламентуецца артыкулам 158 Кодэкса... рашэнне аб мэтазгоднасці адкрыцця класаў з іншай напаўняльнасцю прымае заснавальнік ўстановы адукацыі".
Сяргей Альшэўскі называе гэта адпіскай.
"Я падаў у суд, таму што час ужо адказваць за той бардак, які адбываецца ў сістэме адукацыі, — тлумачыць ён. — Час агучваць праблемы і вырашаць. Бо краіна, якая знайшла 270 мільёнаў у.а. на правядзенне Еўрапейскіх гульняў, як мінімум столькі ж павінная выдаткаваць на будаўніцтва новых школ не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах, столькі ж на вырашэнне іншых пытанняў".