Мінскія медыкі: мы ніколі з такімі раненнямі не сутыкаліся

Мінскія медыкі: мы ніколі з такімі раненнямі не сутыкаліся

Стала вядома, якія раненні атрымалі людзі падчас разгону акцый пратэсту ў беларускай сталіцы 9 і 10 жніўня. TUT.by паразмаўляў з лекарамі мінскіх бальніц. Яны прызнаюцца, што ў шоку ад таго, што такое адбываецца ў мірны час. Па словах лекараў, яны "ніколі з такімі раненнямі не сутыкаліся".

У 4-й бальніцы знаходзіцца пацярпелы, у якога кулявое раненне кішкі і іншыя траўмы. Лекары выцягнулі з яго цела дзве гумовыя кулі (па словах пацярпелага, стралялі з дзесяці метраў). Вядома, што мужчыне 38 гадоў, яго прывезлі ў ноч з 9 на 10 жніўня. Цяпер пацыент знаходзіцца ў медыкаментознай коме на штучнай вентыляцыі лёгкіх.

У той жа бальніцы знаходзіцца 29-гадовы пацыент з адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай (мяркуецца, што трапіла святлошумавая граната). Яго прывезлі мінулай ноччу. Лекарам давялося рабіць тэрміновую аперацыю, была здзейснена трэпанацыя чэрапу, выдалена гематома. Цяпер ён у "больш-менш стабільным стане", пераведзены ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі.

Увечары 10 жніўня ў Бальніцу хуткай меддапамогі нейкія людзі прывезлі 32-гадовага пацярпелага з траўмай правай ступні і апёкам правай галёнкі. Ступню яму часткова ампутавалі...

Пацярпелых з аскепкавымі раненнямі і пашкоджаннямі грудной клеткі прывозілі ў вайсковы шпіталь.

Медык з 2-й бальніцы распавёў пра пацыента з узрыўной траўмай грудной клеткі, адарванай фалангай пальца і чэрапна-мазгавой траўмай. Яго прывезлі ў ноч з 9 на 10 жніўня.

Лекары заклікаюць спыніць гвалт.

Вядома, што за два дні ў Беларусі затрымалі 5 тысяч чалавек. МУС паведаміў пра амаль 60 пацярпелых сілавікоў, а колькасць пацярпелых пратэстоўцаў мусіць назваць Міністэрства аховы здароўя. Вядома, што адзін чалавек загінуў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі