Мінтранс і МУС удакладнілі, як цяпер будуць правяраць рэчы ў аэрапорце
У Беларусі змянілі інструкцыю аб парадку дагляду дзеля забеспячэння авіяцыйнай бяспекі. Адпаведную пастанову Мінтранса і МУС, прынятую 26 ліпеня за нумарам 43/204, афіцыйна апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Цяпер у пункт дагляду дапускаюць пасажыраў пры паказе пасадачнага талона, які пацвярджае праходжанне рэгістрацыі на рэйс, або электроннага пасадачнага талона і пашпарта.
У інструкцыю дадалі пункт, паводле якога ўсе электронныя прылады, апаратуру і гаджэты пры даглядзе трэба дастаць з ручной паклажы і змясціць у латкі для асобнай праверкі праз рэнтген.
Таксама сфарміраваны пералік забароненых да перавозкі рэчаў на борце самалёта: у асабістых рэчах нельга вазіць прылады для рукапашнага бою з завостранымі канцамі, шыпаваны абутак і канькі. Забароненыя таксама нажы з метала або іншага трывалага матэрыялу з даўжынёй ляза болей за 6 см.
У багажы нельга будзе правозіць электронныя цыгарэты на батарэях, але іх можна браць у ручную паклажу.
Пастанова пачне дзейнічаць праз 15 дзён ад моманту яе афіцыйнага апублікавання.