Мінтранс: Мост праз Прыпяць, на якім з’явілася расколіна, могуць закрыць на год
Мост праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне, на якім з’явілася расколіна, могуць закрыць на год. Пра гэта БЕЛТА паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення аўтадарог Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксандр Галаўнёў. Паводле яго слоў, на месца выехалі спецыялісты, паводле высноў якіх прымуць рашэнне: аднаўляць яго ці будаваць новы мост. Аднак на фіксацыю пашкоджанняў і дэфектаў, на ацэнку прычын іх з’яўлення спатрэбіцца нямала часу. Галаўнёў кажа, што рашэнне прымуць толькі праз тры месяца. Калі мост вырашаць аднавіць, то працы будуць працяглымі.
Як паведамляла Еўрарадыё, рух на мосце на трасе Жыткавічы — Давід-Гарадок — мяжа Украіны быў спынены 7 снежня пасля паведамлення ў МНС ад відавочцы. Ён распавёў ратавальнікам, што ў канструкцыі ёсць расколіна. Мост праз Прыпяць у даўжыню мае амаль 889 метраў, яго шырыня — 10 метраў.
Мяркуецца, што пешаходны рух на мосце захаваюць, а вось аўтамабілі будзе перавозіць праз Прыпяць паром. Іншая прапанова — пантонная пераправа.