"Многія дактары не ўспрымаюць дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі ўсур'ёз"

"Многія дактары не ўспрымаюць дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі ўсур'ёз"

Тэма дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця з'яўляецца табуяванай не толькі ў Беларусі. Таму беларускім бацькам, у якіх такія дзеці, а таксама неабыякавым людзям і грамадству патрэбныя інфармацыйныя рэсурсы, прысвечаныя дадзенай праблеме, перакананы доктар Аляксей Моматаў.

Ён стварае сайт childrenspace.by. Мэта праекта ― інфармацыйная дапамога і стварэнне пляцоўкі для кантактаў спецыялістаў, валанцёраў, дзяцей і бацькоў.

Аляксей ― педыятр, працуе ў мінскім інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. За шэсць гадоў працы ён адчуў шмат складанасцяў і заўважыў часам вельмі негатыўную рэакцыю на сваіх падапечных нават сярод лекараў-спецыялістаў.

"Я б хацеў дапамагчы бацькам дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі, каб яны адчувалі сябе больш інфармацыйна абароненымі, каб бацькі такіх дзяцей маглі кудысьці звярнуцца. Шмат дактароў не ўспрымаюць "цяжкіх" дзяцей усур'ёз: ляжыць гэтае дзяця, то няхай сабе ляжыць, што мы зробім, мы яго не вылечым. Але ў дзяцей ёсць праблемы, і я б хацеў, каб бацькам было куды звяртацца. Каб грамадства, людзі, у якіх няма такіх дзетак, звярнулі на іх сваю ўвагу".

Пад канец гэтага года на сайце childrenspace.by было ўжо больш за сто матэрыялаў. Тэматыка розная: ад практычных парадаў, як даглядаць такіх дзетак, да цяжкіх рашэнняў для бацькоў ― ці аддаваць сваё дзіця ў інтэрнат, калі яно у вельмі цяжкім стане, а калі так, то як яму можна дапамагчы:

"Я пішу пра маральныя аспекты. Шматлікія бацькі не хочуць аддаваць дзяцей у інтэрнат, бо гэта асацыюецца са здрадай, але ў асабліва цяжкіх сітуацыях гэта не заўжды так. Але таксама не абавязкова пакідаць сваё дзіця ― да яго можна прыходзіць, забіраць часам дамоў".

Актыўна займацца гэтай праблематыкай Аляксея натхніў уласны прыклад, калі раней яму падавалася, што як доктар хуткай дапамогі ён робіць больш, бо ратуе жыццё, то цяпер ён разумее, што такое ж самае жыццё можна падараваць дзеткам з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця:

"Я таксама не заўжды ставіўся да дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця так, як я да іх стаўлюся цяпер. Я працаваў на хуткай дапамозе два гады, а пасля прыйшоў сюды (мінскі інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, ― Еўрарадыё) і думаў: што я тут раблю? Бо людзі ратуюць жыцці, а што тут? Ляжаць дзеці, нічога не разумеюць... Але пасля прыйшло асэнсаванне, што яны ўсё цудоўна разумеюць, проста нічога не могуць сказаць ― яны не могуць самастойна рухаць нагамі, рукамі, самастойна есці, але ўмеюць радавацца".

На старонцы таксама мусіць з'явіцца рубрыка з творчасцю дзетак з мінскага інтэрната. Цяпер у доктара Аляксея Моматава і яго жонкі ўзнікла чарговая ідэя, як дапамагаць такім хворым ― праект хоспіса для ляжачых дзяцей з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця.

Фота: 34mag.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі