Моладзевага YouTube-канала, запушчанага міністрам адукацыі, на YouTube няма
12 снежня БЕЛТА паведаміла, што міністр адукацыі Ігар Карпенка на Нацыянальным студэнцкім форуме ў Оршы запусціў разам са студэнтамі моладзевы YouTube-канал. Канал атрымаў такую ж назву, як і сам форум, — "У аб'ектыве — моладзь".
Аднак знайсці гэты канал на YouTube немагчыма. У прэс-службе Міністэрства адукацыі журналістам партала TUT.by параілі звярнуцца па тлумачэнні ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі — менавіта там займаюцца стварэннем YouTube-канала для моладзі.
Начальнік аддзела па працы з моладдзю цэнтра Дзмітрый Туронак заявіў, што "трэба трошкі пачакаць, каб усё запусцілася". Па яго словах, YouTube-канал будзе мець іншую, а не абвешчаную раней "У аб'ектыве — моладзь". Гэтая, па яго словах, не спадабалася студэнтам, таму прыдумалі іншую. Назваць яе Туронак адмовіўся.
Здымкі на канал, па яго словах, вядуцца не за бюдэжтныя грошы: "Гэта пакуль энтузіязм. Студэнты здымалі на мабільныя тэлефоны".
Загадчык сектара па ўзаемадзеянні з грамадскімі аб'яднаннямі і арганізацыямі цэнтра Яўген Юшко ўдакладніў, што пакуль знялі пробныя варыянты ролікаў.
"Знялі каля 30 ролікаў, але яны пакуль не для размяшчэння, мы проста "пракачалі" студэнтаў у гэтым кірунку. Зараз мы стварылі працоўную групу, якая будзе гэтым займацца", — тлумачыць ён.
Юшко дадае, што ў іх ёсць кантэнт-план, у адпаведнасці з якім яны працуюць: "Згодна з планам, мы робім дзесяць выпускаў — і толькі пасля гэтага будзем ствараць і напаўняць канал".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.