Моладзевая платформа "РАДА": Мы марым атрымаць рэгістрацыю ў Беларусі

Моладзевая платформа "РАДА": Мы марым атрымаць рэгістрацыю ў Беларусі

Генеральны сакратар арганізацыі Дзмітрый Дабравольскі распавядае пра дзейнасць платформы і мары пра легалізацыю ў Беларусі.

Беларускі нацыянальны моладзевы савет "РАДА" — адна са старэйшых моладзевых арганізацый у Беларусі. Праз яе адукацыйныя праграмы прайшло некалькі тысяч чалавек. Яны прадстаўляюць Беларусь у буйнейшай агульнаеўрапейскай платформе моладзевых арганізацый. У 2006 годзе арганізацыя была пазбаўленая рэгістрацыі. Пра перспектыву яе развіцця і надзённыя праблемы Еўрарадыё пагутарыла з генеральным сакратаром арганізацыі Дзмітрыем Дабравольскім.

"Рада — гэта саюз арганізацый: і моладзевыя крылы палітычных партый, і культурныя арганізацыі, і экалагічныя арганізацыі, ― распавядае Дабравольскі. ― Літаральна тыдзень таму да нас далучылася арганізацыя "Маладыя Дэмакраты". Ёсць таксама сацыяльныя арганізацыі — праваабарончы праект "ГейБеларусь" і "Экадом" і іншыя".

Арганізацыя скіраваная на працу з моладдзю праз членскія арганізацыі:

"У шырокім разуменні, нашая асноўная мэтавая група — гэта моладзь. Але мы працуем з ёй ускосна праз нашы членскія арганізацыі. Нашая прамая мэтавая група — гэта моладзевыя арганізацыі Беларусі, якія ўваходзяць у наш склад, і мы спрабуем ім дапамагаць у рэалізацыі іх мэт".

Нацыянальны моладзевы савет Беларусі “РАДА”, які быў створаны ў 1992-м, зарэгістраваны ў 1997-м і ліквідаваны рашэннем суда ў 2006-м, сёння не мае рэгістрацыі:

"Нас гэтай рэгістрацыі пазбавілі. Нас ліквідавалі рашэннем Вярхоўнага Суда. Падставы… Там было 5 тамоў судовай справы, прычын было мільён — назву на старонцы не так напісалі і мерапрыемства правялі не па статуце. Там было мільён дробязяў, якія суд прыняў за аснову для рашэння па ліквідацыі. Ідэя атрымаць рэгістрацыю ёсць, мы пра гэта марым. Але пакуль нашы арганізацыі-члены не будуць зарэгістраваныя, а ў нас ёсць і Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты, якія спрабавалі зарэгістравацца шмат разоў, у нас ёсць і маладыя сацыял-дэмакрты і "ГейБелаурсь" — арганізацыі, якім, я мяркую, рэгістрацыю пакуль не дадуць, і ў нас атрымаць рэгістрацыю ў такім выпадку не атрымаецца".

У арганізацыі атрымалася наладзіць адносіны з еўрапейскімі краінамі і застацца членам Еўрапейскага Моладзевага Форума, нягледзячы на адсутнасць легальнага статусу:

"Рада з'яўлялася і з'яўляецца паўнавартасным членам Еўрапейскага Моладзевага Форума. Гэта агульнаеўрапейская буйнейшая платформа, якая аб'ядноўвае нацыянальныя саветы, такія як "РАДА" і моладзевыя арганізацыі. Платформа такая лабісцкая, яна прадстаўляе інтарэсы ўсёй еўрапейскай моладзі".

Таксама арганізацыя спрабуе падтрымліваць існуючыя моладзевыя арганізацыі:

"Разумеючы, што крыніц распаўсюджання інфармацыі пра арганізацыі, якія не ўваходзяць у прадзяржаўны камітэт моладзевых арганізацый, вельмі мала, таму мы спрабуем думаць пра тое, як распаўсюджваць гэтую інфармацыю. Каб паказваць, што выбар усё ж такі ёсць. Мы працуем у гэтым накірунку".

Восенню арганізацыя плануе правесці ў Вільні вялікі форум, на якім прэзентуе вынікі сваёй працы і абмяркуе перспектывы далейшага развіцця.

Фота: http://eb.by/qZVq 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі