МУС Літвы — супраць новых абмежаванняў для беларусаў і расіян

Літва, ілюстрацыйнае фота

Літва, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства ўнутраных спраў Літвы крытыкуе планы кансерватараў па новых санкцыях супраць грамадзян Беларусі і Расіі. У МУС кажуць, што прапанаваныя меры значна павялічаць нагрузку на Службу аховы дзяржаўнай мяжы і Дэпартамент міграцыі, а ў некаторых выпадках могуць быць складанымі для ажыццяўлення, піша Delfi. Гэтыя ведамствы таксама не падтрымліваюць увядзенне новых санкцый.

У прыватнасці, кансерватары прапуюць ануляваць часовы дазвол на жыхарства (ДНЖ) для грамадзян Беларусі і Расіі, калі яны выязджалі на радзіму больш за адзін раз за тры месяцы. Але ў МУС кажуць пра цяжкасці кантролю. "Служба аховы дзяржаўнай мяжы не зможа адсачыць, калі чалавек заязджае ў Літву праз іншую краіну ЕС — напрыклад, Польшчу. А Дэпартамент міграцыі не зможа праверыць, колькі разоў ён перасёк мяжу Еўрасаюза", — падкрэслівае намесніца міністра ўнутраных спраў Аліцыя Шчарбайце.

Таксама кансерватары прапануюць не прымаць новыя заявы на ДНЖ ад беларусаў. Літва ўжо прыпыніла прыём такіх заяў ад грамадзян Расіі (за выключэннем уладальнікаў шэнгенскіх віз і тых, у каго ўжо ёсць літоўскі дНЖ). Эксперты звяртаюць увагу, што такі крок фактычна пазбавіць беларусаў магчымасці атрымаць новы від на жыхарства, што супярэчыць еўрапейскаму заканадаўству. У прыватнасці, нормы Еўрасаюза патрабуюць захоўваць права на ўз'яднанне сем'яў, а таксама не абмяжоўваць пераезд высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Сейм Літвы падоўжыў ужо ўведзеныя нацыянальныя санкцыі супраць грамадзян Беларусі і Расіі да 2026 года, але новыя застаюцца пакуль у працэсе абмеркавання. Літоўскія кансерватары заяўляюць, што санкцыі будуць збалансаванымі і "не створаць нязручнасцяў" для жыхароў краіны. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.