МУС распавяло, чаму жодзінскі міліцыянт збіў з ног жанчыну
Жодзінскі міліцыянт, які стукнуў жанчыну ў твар так, што яна звалілася, думаў, што на яго адбудзецца напад. Такое тлумачэнне дала прэс-служба УУС Мінаблвыканкама наконт інцыдэнта, які адбыўся 13 верасня.
Па словах міліцыянтаў, экіпаж АДАІ праводзіў разбіральніцтва з нагоды парушэння ПДР. Натоўп незадаволеных грамадзян абступіў міліцэйскі аўтамабіль. Супрацоўнікі міліцыі пачалі адціскаць людзей ад спецтранспарту, але тыя не разыходзіліся.
"Нечакана з натоўпу выйшла жанчына і накіравалася да супрацоўніка міліцыі. Наблізіўшыся, яна рэзка накіравала камеру тэлефона міліцыянту ў твар. Зыходзячы з сітуацыі той выказаў здагадку, што будзе ўдар. Імгненнай рэакцыяй з'явілася ўжыванне фізічнай сілы для самаабароны і затрымання", — заяўляюць у прэс-службе.
Цяпер Следчы камітэт праводзіць праверку па факце здарэння.
Між тым у інтэрнэце ёсць відэа не толькі відавочцаў здарэння, але і самой жанчыны. Яна ходзіць сярод міліцыянтаў, здымаючы іх на камеру свайго смартфона. І толькі адзін з іх нечакана нападае на жанчыну: першым ударам выбівае тэлефон, другім б'е ёй у твар так, што яна валіцца на асфальт. Пасля гэтага на міліцыянта напалі навакольныя, абараняючы жанчыну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.