МУС: зарэгістравана больш за 150 фактаў "рэйкавай вайны"
У Беларусі ўсё большы размах набывае так званая "рэйкавая вайна". Пра гэта сведчыць статыстыка МУС, якую агучыла прэс-сакратар ведамства Вольга Чамаданава.
"На сёння зарэгістравана 159 супрацьпраўных замахаў на аб'екты чыгуначнага транспарту. З іх 148 фактаў блакавання чыгуначных шляхоў рознымі спосабамі: закарочванне шляхоў металічным дротам, накладанне пабочных прадметаў на рэйкі, пашкоджанне шляхавага датчыка блокпаста, пашкоджанне кабеля, які забяспечвае дыстанцыйную сувязь паміж станцыямі. У трох выпадках на аб'ектах чыгуначнага транспарту былі размешчаныя макеты выбуховага прыстасавання", — перадае тэлеканал СТБ словы Чамаданавай.
Паведамленні пра факты "рэйкавай вайны" паступаюць з розных раёнаў краіны. У Пухавіцкім раёне, як паведамляе МУС, 34-гадовы мужчына замкнуў металічным дротам рэйкі, вывеўшы з ладу сігналізацыю. На гэтым адрэзку чыгункі ўключыўся забараняльны сігнал святлафора і рух быў спынены.
Мужчыну знайшлі праз некалькі гадзін па слядах на снезе, якія ён пакінуў, калі пайшоў дадому. На яго пачалі крымінальную справу за наўмыснае прывядзенне ў непрыгоднасць шляхоў зносін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.