Муж і жонка Крупенічы расказалі дэталі свайго вызвалення пасля 224 дзён турмы
Настасся і Сяргей Крупенічы / spring96.org
Муж і жонка Настасся Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч паведамілі ў інтэрв'ю Рускай службе Бі-бі-сі падрабязнасці свайго вызвалення пасля таго, як прайшлі праз 9 судоў і арыштаў і адседзелі 224 сутак на дваіх за асабістую перапіску.
Маладых мужа і жонкі нечакана адпусцілі пасля чарговага адміністрацыйнага прысуду 5 лістапада, хоць яны рыхтаваліся сядзець на Акрэсціна да Новага года. Ім загадалі выйсці з камер з асабістымі рэчамі і затым выставілі за агароджу.
Найперш яны абняліся, а потым дайшлі да найбліжэйшай кафэ і папрасілі выклікаць таксі. Па словах Сяргея, "знешні выгляд быў у нас такі сабе: зарослыя, Валасатыя, адзенне самі разумееце, якое".
Пакаранне муж і жонка адбывалі ў "палітычных", або "кантрольных" камерах.
"У двухмяцовай камеры максімальна знаходзілася па 15 чалавек і стабільна падкідвалі пару бамжых з вошамі. Падымалі за ноч двойчы: назваць прозвішча, імя і імя па бацьку. Спалі без матрацаў, на падлозе, з уключаным святлом. Нам не перадавалі ні перадач, ні кніг, не было нічога. У душ не вадзілі на прагулку вадзілі два разы летам, калі было 36 градусаў", — успамінае Настасся.
Муж і жонка тлумачаць сваё датэрміновае вызваленне паднятай шуміхай вакол іх гісторыі.
Праз трое сутак пасля вызвалення Настасся і Сяргей з дапамогай фонду BySol уцяклі з Беларусі. Спачатку яны з'ехалі ва Украіну праз сухапутную мяжу ("Сказалі, што едзем да сяброў, і нас без пытанняў прапусцілі"), а адтуль у Польшчу.
Муж і жонка кажуць, што ў найбліжэйшых планах у іх легалізавацца і вучыць польскую мову. У Польшчы Настасся і Сяргей плануюць дапамагаць беларусам, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі. Па словах Насты, "калі мы сюды прыехалі, нам таксама дапамаглі, і мы павінны дапамагаць іншым".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.