Мужчына прадстаўляўся супрацоўнікам КДБ і завалодаў $100 тысячамі
36-гадовага жыхара Баранавічаў абвінавачваюць у махлярстве ў асабліва буйным памеры, а таксама ў падбухторванні да дачы хабару. У 2014-2016 гадах ён ашукаў два дзясяткі чалавек і завалодаў 200 тысячамі дэнамінаваных рублёў (каля 100 тысяч долараў). Пра гэтым зламыснік прадстаўляўся ветэранам вайны ў Афганістане і супрацоўнікам КДБ.
Як паведамляе афіцыйная прадстаўніца УСК па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова, мужчына неаднаразова прадаваў чужую кватэру, гаварыў, што яе гаспадар знаходзіцца ў СІЗА і яму тэрмінова патрэбны грошы. Некаторыя кліенты лічылі прапанову выгаднай і перадавалі ад 10 тысяч да 20 тысяч долараў. Таксама махляр прадаваў чужыя зямельныя ўчасткі, прапаноўваў дваім чалавекам адкрываць сумесны бізнес (аўтамыйку), а аднаму ІП — купіць будынак у горадзе. Яшчэ аднаму прадпрымальніку мужчына прапанаваў купіць надзіманы батут, а таксама перадаць хабар службовым асобам аблвыканкама (каля 9000 дэнамінаваных рублёў) для атрымання права арэнды зямлі ў парку і на плошчы Леніна.
Таксама фігурант крымінальнай справы ашукваў суседзяў, пазычаў грошы ў сяброў і знаёмых, а пасля іх не вяртаў. Вядома пра 19 пацярпелых. Ім ужо вярнулі каля паловы сумы нанесеных матэрыяльных страт. На маёмасць махляра наклалі арышт.
Расследаванне крымінальнай справы ўжо завершанае, яе перадалі ў суд.