Мужчыну, які на вачах дзяцей забіў сабаку, пакаралі арыштам
Экспертыза выявіла, што сабака загінуў ад удушэння, ілюстрацыйнае фота
У Ваўкавыскім раёне вынеслі прысуд мясцоваму жыхару, які на вачах у дзяцей задушыў сабаку. Інцыдэнт адбыўся ў ліпені ў аграгарадку Рупейкі — непадалёк ад дома фігуранта. Мужчына схапіў за шыю беспароднага сабаку, які сядзеў на ўзбочыне дарогі, і з сілай кінуў яго ў кусты. Сабака загінуў, гэта бачылі дзеці. Пры гэтым экспертыза выявіла, што жывёла загінула ад асфіксіі, а мужчына ў момант інцыдэнту быў п'яны.
Фігурант прызнаў віну толькі часткова. Заявіў, што сабака знаходзіўся побач з яго дзіцем — маўляў, такім чынам спрабаваў засцерагчы сына ад небяспекі. Пры гэтым ён пагадзіўся, што ў яго была магчымасць звярнуцца ў сельскі савет, каб яму дапамаглі з адловам жывёлы, або ў міліцыю. Мужчына таксама не выключыў, што яго ўчынак маглі бачыць дзеці. Яны тады спалохаліся, уцяклі дадому і расказалі бацькам, што бачылі. Тыя звярнуліся ў міліцыю.
Версію фігуранта пра тое, што ён спрабаваў абараніць сына, суд палічыў нелагічнай. У выніку мужчыну прызналі вінаватым у жорсткім абыходжанні з жывёлай, што пацягнула яго гібель. У якасці пакарання яму прызначылі два месяцы арышту. Акрамя таго, суд пастанавіў адправіць мужчыну на прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.