"Мы не ведаем, да чаго рыхтавацца": літоўцы незадаволеныя наплывам мігрантаў

Размяшчэнне незадакументаваных мігрантаў у адной са школ Літвы / Delfi
Размяшчэнне незадакументаваных мігрантаў у адной са школ Літвы / Delfi

Жыхары літоўскага Капчамесциса незадаволеныя тым, што ў іх школу засялілі 100 мігрантаў, якія нелегальна перасеклі беларуска-літоўскую мяжу, піша Delfi.

"У горадзе пануе напружанасць. Мы не супраць дапамогі, але нас крыўдзіць тое, што супольнасць не была праінфармаваная пра гэта. Мы да гэтага часу не ведаем, да чаго рыхтавацца і чаго чакаць, як доўга яны тут прабудуць. Нам ужо прыйшлося зачыніць дашкольную групу, таму што мы перадалі памяшканні пад нелегальных мігрантаў", — кажа старшыня гарадской абшчыны Рамінта Караускенэ. Жыхары мястэчка чакаюць прыезду кіраўніка МУС, а пакуль завальваюць гнеўнымі паведамленнямі мэра Лоздзееўскага раёна і дырэктара гарадской адміністрацыі.

100 маладых людзей з Камеруна, Малі і Гвінеі — не першыя "жыхары" школы Капчамесціса. Дагэтуль тут жылі сем'і з дзецьмі з Ірака і Сірыі, але памежнікі перавезлі іх у лагер бежанцаў у Пабрадзе. У школу прывезлі спальныя мяшкі, матрацы. Мужчыны размешчаны ў спартзале школы. Жанчыны і дзеці — на часовых ложках у класах.

"У апошні раз я еў два дні таму", — сказаў адзін з мужчын, дастаючы рыбныя кансервы з кашай, банку смажанай фасолі, кавалак пірага і печыва.

Адзін з суразмоўцаў, піша выданне, прадставіўся "студэнтам, які прыехаў ў Мінск легальна". Кажа, што два месяцы таму прыляцеў у Беларусь з Камеруна па студэнцкай візе, але не хавае, што мэтай яго была Англія. На пытанне аб тым, ці плаціў ён некаму грошы за нелегальнае праходжанне мяжы Еўрасаюза, адмоўна матае галавой.

Паводле крыніцаў Delfi, мігрантаў з беларускага боку да мяжы прывозяць арганізавана, на аўтобусах. "Яны праходзяць пару кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы, па лясных дарогах, з указаннем напрамка руху. Самае дзіўнае, што ў апошні час яны пераходзяць мяжу там, дзе ўсталяваныя камеры відэаназірання. Калі яны бягуць на літоўскі бок, яны махаюць рукамі камерах — каб мы маглі іх хутка знайсці", — сказала Delfi крыніца ў Літоўскай памежнай службе.

У сувязі з наплывам мігрантаў у Літве аб'яўлена экстрэмальная сітуацыя, кіраўнік МУС распарадзілася аб будаўніцтве намётавага мястэчка на 1000 месцаў. На 5 ліпеня з пачатку года беларуска-літоўскую мяжу нелегальна перасеклі 1232 чалавекі (за апошнія суткі 134. — рэд.), што ў 12 разоў больш, чым у 2020 годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі