"Мы тут не сядзім на залатых гарах": як "Гарызонт" тушыць святло малому бізнесу
6-ы корпус завода "Гарызонт" / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё
— Канкрэтна ў мяне выручка знізілася на 95%. Я арандую тут 600 квадратаў. Пры гэтым я павінен буду па новым указе [указ Аляксандра Лукашэнкі №143 "Аб падтрымцы эканомікі". — Еўрарадыё] з кастрычніка да снежня цалкам заплаціць арэнду за красавік, травень, чэрвень, ліпень, жнівень і верасень. Як гэта зрабіць без зніжэння арэнднай платы? Практычна немагчыма. Мы тут не сядзім на залатых гарах, у нас няма запасаў на два-тры гады наперад, — расказвае ўладальнік кампаніі GameRoom Павел Аляксееў.
Ён, як і многія іншыя прадпрымальнікі, арандуе плошчы завода "Гарызонт" у цэнтры Мінска. Арэндадаўца ісці насустрач малому бізнесу не хоча. У літаральным сэнсе: на перамовы пра зніжэнне арэнднай стаўкі, якія прадпрымальнікі хацелі правесці 29 красавіка, прадстаўнікі ЗАТ "Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер" не прыйшлі. І размаўляць з журналістамі начальнік аддзела развіцця камерцыйнай нерухомасці кампаніі Віталь Рынкевіч адмовіўся.
— Мы патрабуем растлумачыць, як дзве цалкам дзяржаўныя арганізацыі — "Гарызонт" і "Белінвест" — стварылі адну недзяржаўную [ЗАТ "Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер". — Еўрарадыё] і надзялілі яе правам здаваць у арэнду памяшканні ў цэнтры Мінска ў еўра. Канчатковым бенефіцыярам з'яўляецца дзяржава. Але калі выходзяць указы, якія датычацца дзяржарганізацый, дзяржпрадпрыемстваў, яны заяўляюць, што яны не дзяржаўнае, а прыватнае прадпрыемства, таму не падпарадкоўваюцца, — расказвае ўладальнік гульнявой прасторы "Кувалда" індывідуальны прадпрымальнік Юрый Алейнік. — Я проста зразумець не магу, але хацелася б атрымаць адказ. Вось мы падпішам і перададзім.
На стойцы ў заводскім холе раскладзена некалькі зваротаў. Прадпрымальнікі па чарзе іх падпісваюць. За апошнія гады ў карпусах завода, дзе яшчэ нядаўна гуляў вецер, прапісаліся творчыя студыі, майстэрні, шоўрумы, школа танцаў, квэст-пакоі, кавярні. Іх уладальнікі паволі рамантавалі "Гарызонт", робячы яго прывабным і для мінчукоў, і для гасцей горада.
Сітуацыя з каранавірусам унесла ў бізнес, які развіваецца, свае карэктывы, і цяпер прадпрымальнікі рызыкуюць застацца без працы, а заводскія карпусы — без тых, хто пра іх клапоціцца.
— За паўтара месяца нашы агульныя даходы ўпалі на 90 адсоткаў, — працягвае Юрый Алейнік. — Мы мяркуем, што ў найбліжэйшыя пару месяцаў сітуацыя не зменіцца, а ўлічваючы, што лета для пераважнай большасці indoor-бізнесаў не сезон, добра, калі ў верасні пачнём вяртацца да нармальнай работы.
Юрый кажа, што спрабуе адаптаваць бізнес пад новыя рэаліі. Прыдумляе розныя акцыі, не забываючы пра бяспеку кліентаў. Але калі раней у яго праходзіла ад 10 вечарын і 25 квэстаў на тыдзень, цяпер попыт моцна ўпаў. А за арэнду памяшканняў у 350 квадратных метраў па-ранейшаму трэба плаціць больш за 2 тысячы долараў за месяц. Плюс камуналка.
Адзінае, на што пайшоў арэндадаўца, — гэта зафіксаваў курс еўра да рубля на 3 месяцы, з 1 сакавіка да 1 чэрвеня. Але прадпрымальнікі наогул не разумеюць, чаму яны павінны плаціць арэнду ў валюце.
У Сяргея Надуліча на "Гарызонце" некалькі бізнесаў. Адзін з іх — каворкінг.
— Месцы для фрылансераў праселі вельмі моцна, — расказвае Еўрарадыё Надуліч. — У асноўным да нас прыходзілі людзі, якія працавалі дыстанцыйна на Еўропу і Амерыку. Там пандэмія пачалася нашмат раней, працадаўцы рэкамендавалі ім, каб пераходзілі на дыстанцыйную работу. Цяпер у нас занята толькі 20% усіх месцаў. Офісы таксама пераходзяць на "дыстанцыйку". Кліенты кажуць: "Мы не можам плаціць вам усю суму, але хочам з вамі працаваць", — і прапануюць дамовіцца пра лічбу, каб мы не закрыліся, а яны маглі працаваць, пакуль пандэмія не пойдзе на спад. Мы агучваем прапановы "Гарызонту", але там просяць прабачэння, дзякуюць і дадаюць, што спадзяюцца на доўгатэрміновае супрацоўніцтва.
Па словах Сяргея, агульная плошча, якую ён арандуе на заводзе, — 621 квадратны метр. У месяц арэнда абыходзіцца яму ў 3700 еўра плюс камуналка, а гэта яшчэ 5000 рублёў. Асабліва дорага даводзілася плаціць зімой за ацяпленне. Пра гэта кажуць і іншыя арандатары.
Сыдуць старыя арандатары — прыйдуць новыя
Каб захаваць пастаянных арандатараў, арэндадаўца мог бы даць ім арэндныя канікулы, таксама яны просяць падатковыя канікулы (не адтэрміноўку!) на два месяцы. Прадпрымальнікі напісалі ўжо не адзін ліст з просьбамі пра гэта, але іх не пачулі.
— У мяне школа танцаў, я арандую тут 202 квадратныя метры, але з першага траўня збіраюся адмовіцца ад большай часткі плошчы, — расказвае прадпрымальнік Ігар Ярмолаў. — Я спрабаваў пагаварыць з арэндадаўцам, проста па-чалавечы растлумачыць, што трэба знайсці нейкія кампрамісныя рашэнні, якія будуць выгадныя і яму, і мне. Мне сказалі, маўляў, нічога страшнага, сыдуць старыя арандатары — прыйдуць новыя.
Прадпрымальнікі кажуць, што за запазычанасці па арэндзе ім пачынаюць адключаць электрычнасць — такі вось метад ціску. Як працаваць і плаціць па рахунках у такіх умовах? Арандатары перакананыя — з гэтым павінны разабрацца кампетэнтныя органы. Лісты з просьбай праясніць сітуацыю накіраваны ў Міністэрства прамысловасці, Мінгарвыканкам, Адміністрацыю прэзідэнта, кіруючую кампанію холдынга "Гарызонт", ААТ "Белінвестбанк", ЗАТ "Гарызонт-Белінвест-Дэвелапер".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.