МЗС: Беларусь не прызнае ўкраінскія ID-карты для перасячэння мяжы

МЗС: Беларусь не прызнае ўкраінскія ID-карты для перасячэння мяжы

Беларусь не лічыць украінскія ID-карты дакументамі, прыдатнымі для перасячэння дзяржаўнай мяжы. Пра гэта на брыфінгу 31 сакавіка заявіў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

"Увядзенне Украінай узамен пашпартоў на папяровых носьбітах пластыкавых картак з бескантактавым электронным носьбітам і без такога носьбіта не прадугледжвалася пры падпісанні бакамі пагаднення ў 2009 годзе. У сувязі з гэтым уведзены украінскім бокам з 1 студзеня 2016 года ўнутраны пашпарт новага ўзору не разглядаецца беларускім бокам у якасці дакумента, сапраўднага для перасячэння мяжы", — канстатаваў прэс-сакратар дыпламатычнага ведамства. Па яго словах, гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на кансультацыях у Мінску.

Прэс-сакратар заявіў, што беларускі бок не будзе прапаноўваць украінскім калегам вярнуцца да пашпартоў старога ўзору, бо гэтыя дакументы тэхналагічна састарэлі.

Мірончык паведаміў, што цяпер ідуць кансультацыі наконт бязвізавых паездак грамадзян Беларусі і Украіны. Па яго словах, большасць грамадзян Украіны перасякаюць беларуска-ўкраінскую мяжу з унутраным пашпартам грамадзяніна Украіны.

"Гэтыя пашпарты не адпавядаюць патрабаванням міжнародных стандартаў ІКАО, а таксама маюць слабыя ступені абароны ад падробак. З-за адсутнасці ва ўнутраным пашпарце грамадзяніна Украіны машынасчытвальнай зоны ўнясенне звестак аб яго ўладальніку ажыццяўляецца памежнымі службамі Беларусі выключна ў ручным рэжыме, а гэта негатыўна ўплывае на прапускную здольнасць дзеючых на беларуска-ўкраінскай мяжы пунктаў пропуску, на якасць абслугоўвання насельніцтва", — заўважыў прэс-сакратар.

Ён выказаў надзею, што бакі знойдуць выйсце.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі