МЗС Беларусі пракаментавала ракетны ўдар ЗША па Сірыі
Міністэрства замежных спраў Беларусі пракаментавала ракетны ўдар ЗША па Сірыі. “Беларускі бок вельмі занепакоены эскалацыяй напружанасці ў Сірыі, — гаворыцца ў заяве. — Зыходзім з неабходнасці безумоўнага захавання нормаў міжнароднага права і недапушчальнасці аднабаковых дзеянняў без санкцыі Савета Бяспекі ААН. Заклікаем усе ўцягнутыя бакі прыняць дзейсныя меры па дээскалацыі канфлікту і працягнуць пошук шляхоў яго ўрэгулявання за сталом перагавораў”.
Таксама МЗС адзначае, што “любыя абвінавачванні ў выкарыстанні забароненых метадаў і сродкаў вядзення вайны павінны быць пацверджаны кампетэнтнымі заключэннямі інстытутаў ААН, у прыватнасці Арганізацыяй па забароне хімічнай зброі”. У Мінску чакаюць ад гэтай арганізацыі дакладаў “з адназначным пацвярджэннем фактаў, якія тычацца прымянення хімічнай зброі ў правінцыі Ідліб, Сірыя”. У заяве падкрэсліваецца, што “беларускі бок у чарговы раз пацвярджае сваю паслядоўную пазіцыю аб недапушчальнасці выкарыстання хімічнай зброі нідзе, нікім і ні пры якіх умовах”. МЗС лічыць, што ўсе такія факты “павінны быць дакладна расследаваны, а вінаватыя прыцягнуты да адказнасці”.
Увечары 6 красавіка караблі ваенна-марскіх сіл ЗША, якія знаходзяцца ў Міжземным моры, выпусцілі па вайсковых аэрадромах Сірыі 59 крылатых ракет "Тамагаўк". Аб’ектамі атакі былі аб’екты, падкантрольныя ўрадавым войскам Башара Асада. Менавіта іх Захад абвінаваціў у нядаўнім выкарыстанні хімічнай зброі і гібелі дзясяткаў чалавек, у тым ліку і дзяцей. Рэжым Асада гэта адмаўляе, заяўляе, што вінаватыя паўстанцы. У гэтым яго падтрымлівае Расія.