Ракетны ўдар ЗША па Сірыі. Што адбылося і якія будуць наступствы

Ракетны ўдар ЗША па Сірыі. Што адбылося і якія будуць наступствы

Увечары 6 красавіка караблі ваенна-марскіх сіл ЗША выпусцілі па вайсковых аэрадромах Сірыі 59 крылатых ракет "Тамагаўк". Коратка тлумачым, што адбылося.

 

Амерыканцы бамбяць Сірыю. Што тут новага?

Новае тое, што 59 крылатых высокадакладных ракет "Тамагаўк" — гэта масіраваны ўдар, здольны знішчыць цэлую армію. Дагэтуль амерыканцы разам з саюзнікамі па NATO бамбілі пазіцыі сірыйскіх урадавых войскаў з дапамогай авіяцыі. Гэта нашмат менш маштабныя дзеянні, здольныя толькі перашкодзіць войскам Башара Асада ў супрацьстаянні з паўстанцамі.

У дадатак, удар "Тамагаўкамі" з караблёў у Міжземным моры — гэта прамое рашэнне Вашынгтона. Ні адна з іншых краін-удзельніц вайсковай аперацыі ў Сірыі такое зрабіць проста не ў стане.

Відэа запуска амерыканскіх ракет, мапа ўдараў.

"Тамагаўкі" — што гэта ўвогуле за зброя?

Крылатая ракета, здольная змяняць накірунак руху і трапляць у цэль на адлегласці да 2500 кіламетраў. Упершыню амерыканцы выкарысталі "Тамагаўкі" у 1991 годзе падчас аперацыі "Бура ў пустыні" у Іраку. Паводле слоў відавочцаў, ракета настолькі дакладная, што можа трапіць у цэль памерам з акно звычайнага дома. "Тамагаўкі" складана збіць сродкамі супрацьпаветранай абароны і знішчальнікамі, гэтыя ракеты перамяшчаюцца нізка над зямлёй на хуткасці 880 кіламетраў за гадзіну. Яны адносна невялікія, кожная мае толькі каля 6 метраў даўжыні. Аднак іх боезарад роўны 450 кілаграмам тратылу ў эквіваленце. Для параўнання, можна згадаць, што зарад бомбы, узарванай нядаўна у метро Пецярбурга быў "ўсяго" 450 грам тратылу.

Ракетны ўдар ЗША па Сірыі. Што адбылося і якія будуць наступствы
Запуск "Тамагаўка". Фота Reuters, Ford Williams.

Што яны разбамбілі?

Амерыканцы ўжо заявілі, што мэтай удару была сірыйская вайсковая авіябаза "Шайрат". Дакладных звестак з месца ўдару пакуль няма (і наўрад ці яны з'явяцца, арміі амаль ніколі не даюць дакладных лічбаў панесеных стратаў). Аднак ужо вядома, што цалкам знішчаная ўзлётна-пасадачная паласа і дзясяткі самалётаў. Ёсць інфармацыя пра загінулых і параненых сірыйскіх вайскоўцаў. Амерыканцы сцвярджаюць, што менавіта "Шайрат" сірыйская авіяцыя выкарыстоўвала для нанясення ўдараў з выкарыстаннем хімічнай зброі.

Ракетны ўдар ЗША па Сірыі. Што адбылося і якія будуць наступствы
Выгляд сірыйскай авіябазы з паветра.
Першае відэа з авіябазы "Шайрат" пасля ракетнага удару. Здымкі расійскіх СМІ.

Чаму менавіта цяпер?

Афіцыйная прычына ― выкарыстанне сірыйскімі ўрадавымі войскамі хімічнай зброі супраць атрадаў паўстанцаў у правінцыі Ідліб, у выніку якога пацярпела мірнае насельніцтва. Паводле розных звестак, у выніку атакі загінула ад 67 да 100 чалавек. Некалькі соцень знаходзяцца ў цяжкім стане. Жахлівыя кадры наступстваў атручэння мірных жыхароў, у тым ліку дзяцей, трансляваліся ўсімі сусветнымі СМІ.

Краіны Захаду абвінавацілі ў выкарыстанні хімічнай зброі супраць мірнага насельніцтва ўрадавыя войскі Башара Асада. Афіцыйны Дамаск у сваю чаргу заявіў, што хімічная зброя знаходзілася ў паўстанцаў і выпадкова была разбомбленая падчас налётаў урадавай авіяцыі. Гэтую ж версію падтрымала Расія.

Газавая атака ў Сірыі 4 красавіка 2017. Першыя відэакадры. Увага, відэа змяшчае жорсткія сцэны.

Чаму да гэтай падзеі так шмат увагі?

Таму што ўдар ЗША крылатымі ракетамі па Сірыі выходзіць за межы ўнутрысірыйскага канфлікту. Як вядома, Крэмль падтрымлівае афіцыйны Дамаск і Башара Асада, расіяне накіравалі ў Сірыю свае войскі і інструктараў, выставілі супрацьпаветраную абарону ў выглядзе комплексаў С-300 і С-400. Яны таксама выкарыстоўвалі свае ракеты для ўдараў па пазіцыях паўстанцаў, але вынік гэта мела, хутчэй, сімвалічны. Паводле чутак, некаторыя расійскія ракеты нават не змаглі даляцець да мэты і ўпалі на тэрыторыі Ірана.

Афіцыйны Крэмль ужо адрэагаваў заявай прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова: "Прэзідэнт Пуцін лічыць амерыканскія ўдары па Сірыі агрэсіяй супраць суверэннай дзяржавы ў парушэнне нормаў міжнароднага права, прычым, па надуманых падставах". У ЗША і іншых краінах Захаду ўсё наадварот. Пра падтрымку крокаў адміністрацыі Дональда Трампа заяўляюць нават тыя, хто яго раней толькі крытыкаваў.

Ракетны ўдар ЗША па Сірыі. Што адбылося і якія будуць наступствы
Пуск "Тамагаўка". Фота Reuters, Ford Williams.

І што будзе далей?

Гэта самае цікавае, бо наступствы могуць быць нават для жыцця кожнага з нас. Першы вынік ужо відавочны ― усяго праз некалькі гадзін пасля ракетнага ўдару рэзка падаражала нафта, адразу на 2%. Здавалася б, гэта добра для Расіі і яе эканомікі. Але з іншага боку, па аўтарытэце Крамля нанесены яшчэ больш моцны ўдар, чым па сірыйскіх аэрадромах. ЗША даказалі, што могуць і будуць дзейнічаць, не зважаючы на тое, чаго б хацеў Пуцін. Пасля прыходу да ўлады Дональда Трампа шмат каму здавалася, што Вашынгтон і Масква ледзьве не пасябравалі нанова. Цяпер зразумела, што гэта не так.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі