МЗС: да 22 лістапада адкажам Літве пра ўзоры парэшткаў Віктара Каліноўскага

Эксгумацыя парэшткаў Віктара Каліноўскага / "Народная Воля"
Эксгумацыя парэшткаў Віктара Каліноўскага / "Народная Воля"

Беларусь да гэтага часу не перадала Літве ўзоры парэшткаў Віктара Каліноўскага, атрыманыя пасля эксгумацыі ў Свіслачы ў ліпені гэтага года. Зараз літоўскія навукоўцы ўпэўненыя на 95%, што парэшткі, знойдзеныя два гады таму на Замкавай гары ў Вільні, належаць Кастусю Каліноўскаму, аднаму з лідараў вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў. Але для стапрацэнтнай упэўненасці ім трэба параўнаць ДНК з парэшткамі яго брата, пахаванага ў Беларусі.

16 кастрычніка міністр замежных спраў Уладзімір Макей, адказваючы на ​​пытанне журналістаў пра лёс парэшткаў Віктара Каліноўскага, паведаміў, што экспертыза ўжо праведзена. Па словах кіраўніка МЗС, зараз аналізуюцца сабраныя звесткі і "беларускі бок знаходзіцца ў кантакце з літоўскімі партнёрамі".

Еўрарадыё распытала прадстаўнікоў МЗС Беларусі і амбасады Літвы пра тое, як доўга яшчэ чакаць вынікаў сумеснай экспертызы беларускіх і літоўскіх спецыялістаў.

Па словах дарадцы пасла Літвы ў Беларусі Міндаўгаса Габрэнаса, літоўскія антраполагі параўналі даныя чэрапа, знойдзенага ў Вільні, з фотаздымкамі Кастуся Каліноўскага. З упэўненасцю 95% яны кажуць, што парэшткі належаць Кастусю Каліноўскаму.

Па звестках Габрэнаса, неабходныя для правядзення ДНК-аналізу ўзоры парэшткаў Віктара Каліноўскага зараз знаходзяцца ў Генпракуратуры Беларусі.

"Пробы парэшткаў узятыя, але да гэтага часу мы іх не атрымалі. І па гэтай лініі працэс ідэнтыфікацыі нават не пачаўся. Толькі атрымалі звесткі, што ў найбліжэйшы час гэтыя даныя будуць перададзены літоўскаму боку для ідэнтыфікацыі. Але пра такія планы мы чуем з ліпеня, калі праводзіліся раскопкі", — гаворыць Міндаўгас Габрэнас.

Калі ж літоўскі бок атрымае звесткі экспертызы? 22 лістапада ў Вільні перапахаваюць знойдзеныя парэшткі ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў. Было б нядрэнна да гэтага моманту са стапрацэнтнай упэўненасцю ведаць, што сярод парэшткаў прысутнічаюць і парэшткі Кастуся Каліноўскага.

Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Анатоль Глаз супакойвае: гэта пытанне хутка вырашыцца.

Глаз: "Перамовы ідуць. Кантакты з літоўскім бокам мы падтрымліваем і хутка дадзім гэтую інфармацыю".

Еўрарадыё: "А хутка — гэта прыблізна калі?"

Глаз: "Ну, паглядзім..."

Еўрарадыё: "Проста ў Вільні 22 лістапада плануецца..."

Глаз: "Гэта будзе хутчэй".

Першапачаткова Еўрарадыё зрабіла з гэтага дыялогу выснову, што ўзоры ДНК Віктара Каліноўскага плануецца передаць Літве да 22 лістапада. Але ўжо пасля выхаду матэрыялу Анатоль Глаз удакладніў, што гаварыў толькі пра абмен інфармацыяй з літоўскім бокам — што толькі адказ Літве наконт парэшткаў Віктара Каліноўскага будзе дадзены да 22 лістапада, а не самыя парэшткі.

У канцы верасня сотні дзеячаў беларускай культуры падпісалі зварот да літоўскіх уладаў, у якім просяць перадаць парэшткі кіраўніка паўстання 1863 года Кастуся Каліноўскага для перапахавання ў Беларусі. Сярод падпісантаў — Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў, Лявон Вольскі і іншыя. Але шмат хто выступае і супраць перапахавання: напрыклад, Зянон Пазняк назваў гэтую ініцыятыву "неразумнай і антыкультурнай". Просьбу беларускіх інтэлектуалаў урад Літвы не ўхваліў: было прынята рашэнне, што перапахаванне парэшткаў удзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў адбудзецца ў Вільні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі