МЗС — пра няпропуск рэйса Мінск — Барселона: "Практычна паветранае пірацтва"
"Практычна паветранае пірацтва", — так прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз назваў няпропуск рэйса Мінск — Барселона кампаніі "Белавія".
Як распавядала Еўрарадыё, самалёт не змог трапіць у паветраную прастору Польшчы і нейкі час проста наразаў кругі над Брэстчынай, спальваючы паліва. Паведамлялася, што прапусціць самалёт праз сваю паветарную прастору адмовілася Францыя.
"Можна, вядома, калі заўгодна цынічна перакручваць і перакладаць віну, але рэчаіснасць такая, што самалёт з пасажырамі на борце ўзляцеў і, нягледзячы на адсутнасць якіх-небудзь абмежавальных мер уладаў Іспаніі, авіяцыйныя службы, перш за ўсё Францыі, ужо падчас палёту закрываюць прастору. Борт у выніку вымушаны лётаць па крузе. Зразумела, загадзя ніхто не папярэджваў", — пракаментаваў сітуацыю Анатоль Глаз.
Ён заявіў, што еўрапейскія авіяцыйныя структуры праігнаравалі бяспеку пасажыраў, якія былі на борце самалёта. "Я ўжо не кажу пра тое, што людзей проста пазбаўляюць магчымасці дабрацца да месца прызначэння. А большасць пасажыраў на борце — грамадзяне краін ЕС. Трэба разумець, што Францыю і астатніх гэтыя "нязначныя" праблемы сваіх суайчыннікаў і, тым больш, грамадзян Беларусі, не моцна турбуюць", — папракнуў ён.
Пасля гэтага беларускі дыпламат пачаў шантажаваць еўраструктуры дзецьмі: "Дарэчы, штогод у Іспанію летам па праграмах аздараўлення рэйсамі "Белавія" прылятала каля 1000 дзяцей. Мяркую, што французскі ўрад іх таксама гатовы прынесці ў ахвяру "высокім" ідэалам і сваім палітычным амбіцыям?"
Анатоль Глаз заявіў, што гэтыя дзеянні французскага боку парушаюць міжнароднае права: "Артыкул 87 Чыкагскай канвенцыі вызначае, што прыняцце абмежавальных мер у дачыненні да авіяпрадпрыемстваў магчыма толькі па рашэнні Савета ІКАО. Наколькі нам вядома, ніякіх падобных рашэнняў савет не прымаў".
Пасля гэтага дыпламат заявіў пра маральны аспект. Маўляў, "Белавія" не мае ніякага дачынення да нядаўняга інцыдэнту з рэйсам Ryanair, які стаў прычынай санкцыяў. "Але затое гэта той авіяперавозчык, якому краіны ЕС Публічна дзякавалі за эвакуацыю сваіх грамадзян у востры перыяд пандэміі", — падкрэсліў ён.
Пасля таго, як у Беларусі пад канвоем ваеннага знішчальніка прымусова пасадзілі пасажырскі авіялайнер Ryanair, еўрапейскія краіны пачалі адмаўляцца ад палётаў над Беларуссю і закрываць сваё неба для "Белавіі". 26 траўня Еўрапейскі авіярэгулятар заклікаў авіялініі пазбягаць Беларусь, назваўшы гэтую паветраную прастору небяспечнай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.