МЗС пра ПАСЕ: Не здзівімся, калі пра БелАЭС згадае Міжнародная федэрацыя шашак

МЗС пра ПАСЕ: Не здзівімся, калі пра БелАЭС згадае Міжнародная федэрацыя шашак

Прэс-служба МЗС Беларусі выступіла з каментаром наконт дакладу Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы "Сітуацыя ў Беларусі", прынятага 27 чэрвеня. Даклад быў падрыхтаваны італьянскім дэпутатам Андрэа Рыгоні

МЗС вітае рашэнне ПАСЕ падтрымліваць кантакты высокага ўзроўню з беларускімі ўладамі. "Гэты крок адкрывае магчымасць абмяркоўваць узаемныя заклапочанасці паміж парламентам Беларусі і ПАСЕ і ліквідуе штучную перашкоду для развіцця адносін з нашай краінай, створаную асобнымі недальнабачнымі палітыкамі яшчэ ў 2011 годзе", — гаворыцца ў заяве.

Разам з тым прэс-служба МЗС гаворыць, што ПАСЕ не змагла адысці "ад ілжывых стэрэатыпаў і састарэлых падыходаў". 

МЗС выказаў шкадаванне, што ПАСЕ прыняла літоўскую папраўку да дакладу, якая датычыла Беларускай АЭС. МЗС падкрэслівае, што Літва палітызуе пытанне БелАЭС замест таго, каб весці двухбаковы дыялог з Беларуссю і працаваць разам у рамках спецыялізаваных міжнародных арганізацый, у першую чаргу — у МАГАТЭ. "Не здзівімся, калі заўтра пытанне пра БелАЭС "усплыве" у парадку дня Міжнароднай федэрацыі шашак", — іранізуе прэс-служба дыпламатычнага ведамства.

Як станоўчы крок МЗС адзначае заклік ПАСЕ да Еўрасаюза "разгледзець магчымасць зняцця ўсіх дзеючых санкцый у дачыненні да нашай краіны".

Нагадаем, што ў рэзалюцыі ПАСЕ адзначаюцца некаторыя пазітыўныя крокі афіцыйнага Мінска: вызваленне палітвязняў, наяўнасць у Палаце прадстаўнікоў двух незалежных дэпутатаў і рэгістрацыя руху "Гавары праўду". ПАСЕ заклікае беларускія ўлады рэабілітаваць былых палітвязняў, вызваліць з-пад арышту астатніх апазіцыянераў і адмовіцца ад смяротнага пакарання. Таксама там адзначаюцца "гвалт і пераслед мірных дэманстрантаў увесну 2017 года". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі