МЗС: Сноўдэн не прасіў палітычнага прытулку ў Беларусі
Былы супрацоўнік ЦРУ Эдвард Сноўдэн не звяртаўся з такой просьбай у МЗС нашай краіны.
Пра гэта ў панядзелак паведаміў РІА "Новости" афіцыйны прадстаўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Андрэй Савіных.
Нагадаем, беларускія “зялёныя” заклікалі Аляксандра Лукашэнку даць прытулак Сноўдэну. Яны мяркуюць, што гэта быў бы "шчыры акт падтрымкі прыстойнага і сумленнага чалавека, сведчаннем таго, што міжнародная палітыка Беларусі будуецца на этычных прынцыпах".
Эдвард Сноўдэн апублікаваў дэталі сакрэтных праграм спецслужбаў ЗША па сачэнні за амерыканскімі і замежнымі грамадзянамі. Ён збег у Ганконг, а затым у Маскву, дзе знаходзіцца ўжо каля тыдня, як мяркуецца, у транзітнай зоне аэрапорта "Шарамецьева". Улады ЗША заявілі, што маюць намер патрабаваць выдачы Сноўдэна, які абвінавачваецца ў разгалошванні сакрэтных дадзеных амерыканскіх спецслужбаў, у любой краіны, дзе ён апынецца. Расійскі бок заяўляў, што Сноўдэн не перасякаў расійскую мяжу, прыбыў як транзітны пасажыр і што паміж Расіяй і ЗША няма дамовы аб выдачы.
Фота — Reuters