На The Beatles Shabli песні “Бітлоў” загучаць па-беларуску!
Еўрарадыё запрашае ў фестывальны шацёр, у якім будзе гучаць жывая музыка, можна будзе прайсці тэст на веданне беларускага рока і паспяваць РОК-КАРАОКЕ
Падчас фествалю The Beatles Shabli Еўрарадыё паспрабуе беларусізаваць “Бітлоў” з Вашай дапамогай. Нашы слухачы пераклалі песні ліверпульскай чацвёркі на беларускую мову, а мы ўключылі іх у Рок-караоке.
Паспяваць песні The Beatles на роднай мове і ў арыгінале можна будзе падчас караоке-вечарыны ў Фестывальным шатры Еўрарадыё. Таксама ў праграме — лепшыя рок-хіты ўсіх часоў. Чакаем вас 1-га чэрвеня ў забаўляльнай зоне Бітлз-фэсту на хутары Шаблі. Спяваць пачынаем у 22:30. А ўжо з 13:00 ў нашым шатры — іншыя забавы.
Да пачатку канцэрта на галоўнай сцэне ў нас — жывая музыка. З эксклюзіўнымі канцэртамі да нас завітаюць гурт KRIWI на чале з Веранікай Кругловай і Аляксандр Памідораў! Пасля 17:00, у перапынку паміж гуртамі з асноўнай сцэны для вас выступіць Яўген Валошын (HandmadE) і кавер-дуо HummusKiss Валерыі Валадзько з гурта "Гаротніца" і Рамана Сухоцкага з Avias.
Таксама мы прапануем праверыць сваё веданне беларускай музыкі ў свежай музычнай версіі “Тэста на беларускасць”, а для адчайных бітламанаў — конкурс па хуткасным угадванні песень The Beatles з раздачай прызоў і “пасведчанняў бітламана” і іншыя сюрпрызы.
The Beatles Shabli пройдзе 1 чэрвеня на хутары Шаблі і стане першым беларускім фэстам лета. Яго хэдлайнерамі будуць дзявочая ліверпульская чацвёрка The Beatelles, аўтэнтычна апранутыя сербы Bestbeat і расійскія баяністы Puttin' On The Beatles Style. Таксама ў лайн-апе мерапрыемства заяўленыя беларусы: джаз-кварцет Канстанціна Валковіча Real Jazz Band, Artefact, The Apples і DJ Ezhaka.
Квіткі на The Beatles Shabli прадаюцца ў ГЦ “Купалаўскі” (пав. 19), ГЦ “Рыга” (пав. 18), а таксама ў білетных аператараў kvitki.by і ticketpro.by. У траўні яшчэ можна набыць квіткі па 160 тысяч, у дзень фестывалю яны будуць каштаваць ужо 200 000.