“The Beatles патрэбныя, каб людзі маглі паверыць у нешта лепшае”
Фэст The Beatles Shabli наведалі 3 тысяч чалавек. Каверы на “Бітлоў” вярнулі маладосць сталым фанатам гурта і падарылі сапраўднае лета моладзі.
Субота. Першы дзень лета. Бітламаны ўсёй краіны выпраўляюцца ў няблізкі шлях — на аўто, цягніках ды роварах едуць на The Beatles Shabli. Еўрарадыё не адстае — выгружаемся ў Шаблях, ставім шацёр і адразу выпраўляемся ў людзі.
“Феномен Beatles у тым, што ўжо паўстагоддзя ўсе балдзеюць ад іх музыкі, — разважае бітламан Сяргей. Выява брытанскага сцяга на шчацэ выдае ў ім фаната ліверпульскай чацвёркі. На хутары “Шаблі” ён упершыню, і публіка фэсту яго шчыра здзіўляе. — Сабралася пакаленне, якому цяпер па 50-60 гадоў, але вельмі шмат моладзі: 20, 18 і нават 16-гадовыя! І ўсім падабаецца! Гэта музыка маёй маладосці. І плюс да ўсяго — гэта сапраўды музыка, гэта вам не “три кусочка колбаски”, прабачце”.
Моладзі сапраўды неспадзявана шмат. Арганізатары фэсту нават кажуць пра другую хвалю бітламаніі! Дзіўным чынам музыка The Beatles, створаная паўстагоддзя таму, апынаецца больш актуальнай за песні сучасных артыстаў. Чым яна так вабіць людзей?
“Музыка Beatles — гэта як твая душа, толькі ў такім вясёлым, летнім стане. Не ў такім, у якім Muse выконваюць музыку — калі табе цяжка і сумна. А як другое лета, такая музыка, — фантазіруе заўсёдніца “Beatles-фэстаў” Наташа. — Сёння мне падабаецца, што сабралася шмат ідэйных людзей — людзі сюды прыехалі не таму, што ім проста няма чаго рабіць у суботні дзень”.
Гурт "Дабл C"
Першы міжнародны “Beatles-фэст” адбыўся ў Ліверпулі ў 1979 годзе. Попыт на іх музыку расце з кожным годам, як і колькасць кавер-бэндаў, якія спецыялізуюцца выключна на музыцы ліверпульцаў. У Беларусь фэсты, прысвечаныя The Beatles, дабраліся толькі праз 25 гадоў. Але проста сказаць, што “Бітлоў” тут слухалі ад самага пачатку іх папулярнасці — значыць нічога не сказаць!
“Мы ў свой час слухалі гэтую музыку таму, што гэта быў свайго кшталту пратэст супраць савецкай сістэмы, — тлумачыць Еўрарадыё наведвальнік Сяргей. — Толькі потым мы пачалі разумець гэтую музыку, яе прыгажосць. Гэта феномен! А ўвогуле, музыка The Beatles для мяне — гэта маладосць”.
“Артефакт”
Маладая публіка The Beatles Shabli не пратэстуе, а проста радуецца зялёнай траўцы, лету і жыццю. Песні “Бітлоў” яны параўноўваюць з калыханкамі на ноч: большай частцы моладзі любоў да The Beatles перадалася ад бацькоў.
“Музыка The Beatles у мяне асацыюецца са святлом, радасцю і дзяцінствам. Я шмат на якой музыцы рос, але, калі казаць пра гурты, то, натуральна, The Beatles стаялі на чале”, — кажа Даніла Смірноў. Яго гурт “Артефакт” сёння грае ў Шаблях. Музыка дадае: “Падобныя фэсты патрэбныя для таго, каб людзі маглі паверыць у нешта лепшае. У наш час гэта вельмі актуальна”.
Тым часам пятачок перад шатром Еўрарадыё ператвараецца ў малую сцэну фестывалю. Мы ладзім жывыя выступы удзельніц Kriwі Веранікі Кругловай і Насты Хмель, кавер-дуэта Humuskiss і Яўгена Валошына з гурта HandmadE. Планаваўся яшчэ Аляксандр Памідораў, але фестывальная атмасфера паглынула яго цалкам… На галоўнай сцэне граюць беларусы The Apples, расіяне-баяністы Puttin' On The Beatles Style. Дзявочая чацвёрка з Ліверпуля The Beatelles прапануе ўласныя павольныя версіі драйвовых бітлоўскіх хітоў. А апошні выступоўца — сербскі The Bestbeat — дзіўным чынам робіцца адзіным гуртом, які грае чаканыя “Yesterday” і “Yellow Submarine”.
Humuskiss
А пасля канцэрта ўсё жыццё канцэнтруецца вакол шатра Еўрарадыё. Спачатку мы праводзім The Beatles-угадайку па песнях ліверпульскай чацвёркі, а апоўначы пачынаецца рок-караоке. Першая ж песня — па-беларуску: гэта “A Hard Day’s Night” у перакладзе Лявона Казакова. Далей — хто пра што: спяваем і Pink Floyd, і The Offspring, і “Серебряную Свадьбу” з “Кассиопеей”!
Караоке заканчваецца а палове на чацвёртую. На развітанне мы, зноў жа па-беларуску, спяваем “Here Comes The Sun”, і так сустракаем ужо другі летні світанак.
The Beatelles
У індыйскай краме наліваюць гарбату з малаком і імбіром
Сербскі "БэстБіт"
Усе фотаздымкі з Еўрарадыё з фестывалю The Beatles Shabli глядзі тут