На беларуска-літоўскай мяжы зафіксавалі рэкордную колькасць мігрантаў

Мігранты на беларуска-літоўскай мяжы

Мігранты на беларуска-літоўскай мяжы / delfi.lt/ru

За мінулыя суткі літоўскія памежнікі зафіксавалі рэкордную колькасць мігрантаў, якія ішлі з тэрыторыі Беларусі. Мяжу хацелі нелегальна перайсці 48 грамадзян Афганістана. Выявіць іх дапамог верталёт памежнікаў.

Прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс расказаў, што большую колькасць мігрантаў адначасова фіксавалі толькі ў кастрычніку 2023 года — тады іх было 54 чалавекі.

Мігранты падзяліліся на групы: у самай маленькай было чатыры чалавекі, у самай вялікай — 12. К некаторых з іх былі нажніцы для разразання канцэрціны — калючага дроту на мяжы.

"З гэтых 48 толькі 8 праніклі ў Літву ў тым месцы, дзе знаходзіцца Чэпкеляйская багна, дзе няма фізічнага бар'ера. Іх тут жа затрымалі. Астатнія, падышоўшы да фізічнай загароды і ўбачыўшы рэакцыю памежнікаў, як гэта звычайна бывае, пабеглі назад у Беларусь і схаваліся", — цытуе DELFI словы Мішуціса.

Затрыманыя мужчыны расказалі, што яны грамадзяне Афганістана. Дакументаў пры іх не было, і дапамогі ў літоўскіх памежнікаў яны не прасілі. Мігранты сказалі, што іх нібыта везлі беларускія памежнікі і забралі дакументы.

У 2025 годзе літоўскія памежнікі прадухілілі пранікненне ў Літву з Беларусі 72 мігрантаў. Прыкладна 20 дзён літоўскія памежнікі не фіксавалі спробаў нелегальнага пераходу мяжы.

Летась у Літву ў забароненых месцах не ўпусцілі 1002 мігрантаў з Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.