На данос Бондаравай затрыманы сузаснавальнік агенцтва "Ружовая зебра"
Алег Астраленка
Сілавікі паведамілі пра затрыманне сузаснавальніка агенцтва "Ружовая зебра" Алега Астраленкі. Агенцтва займаецца арганізацыяй святаў. На відэа, апублікаваным у тэлеграм-канале сілавікоў, Астраленка кажа, што ў 2020 годзе двойчы браў удзел у маршах. За гэта, паводле яго словаў, яго кампанію цяпер выключылі з рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў.
Данос на Астраленку напісала Бондарава. Яна апублікавала серыю пастоў, прысвечаных "Ружовай зебры". Сутнасць прэтэнзій зводзілася да таго, што агенцтва "супрацоўнічае з бчбесамі" — Бондарава знайшла ў сацсетках "Ружовай зебры" фатаграфіі з былымі тэлевядоўцамі Яўгенам Булкам і Дзмітрыем Урангелем, якія падтрымалі пратэсты.
"Двойчы працавалі з Яўгенам Булкам, з Урангелем мы наогул не працавалі", — вымушаны быў апраўдвацца на відэа сілавікоў Астраленка. Паводле яго словаў, Урангель быў госцем аднаго з мерапрыемстваў, якое агенцтва ладзіла сёлета ў сакавіку. Шоўмен трапіў у кадр, і фота з ім размясцілі ў сацсетках.
Бондарава і яе паплечніцы апошнім часам актыўна атакуюць Міністэрства культуры, патрабуюць рэпрэсій для адных дзеячаў культуры і прызнання для іншых, "патрыятычна настроеных".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.