На еўрапейскую дыпламатку Эвеліну Шульц у мінскай міліцыі склалі пратакол

Эвеліна Шульц / ААН
Эвеліна Шульц / ААН

На часовую павераную ў справах Еўрасаюза ў Беларусі Эвеліну Шульц у мінскай міліцыі склалі пратакол. Пра гэта дыпламатка расказала журналістам медыя "Позірк".

Паводле яе словаў, яе затрымалі на выхадзе з будынка Мінскага гарадскога суда пасля абвяшчэння прысуду па "справе анархістаў". Усіх іх праваабаронцы прызналі палітвязнямі. Агулам 10 чалавек былі прысуджаныя да 94 гадоў пазбаўлення волі. Шульц расказала, што перад затрыманнем камунікавала з людзьмі, якія прысутнічалі на абвяшчэнні прысуду.

Калі яе затрымлівалі, Шульц казала сілавікам, што мае дыпламатычную недатыкальнасць, паказвала дыпламатычныя карту і пашпарт. Але яе тым не менш павезлі ў аддзяленне. Дыпламатку затрымалі ў 15.35, а каля 17.30 у аддзяленне прыехаў прадстаўнік дзяржпратакола беларускага МЗС. Пасля гэтага "супрацоўнік міліцыі папрасіў мяне праз прадстаўніка МЗС (які перакладаў) прыняць афіцыйны "пратакол" і падпісаць яго", — расказала Эвеліна Шульц.

Паводле словаў дыпламаткі, падчас чытання пратакола яе здымалі на відэакамеру.

Таксама па выніках учорашніх падзей у Мінскім гарадскім судзе стала вядома пра зварот прадстаўніцтва ЕС да беларускіх уладаў. Дыпламаты просяць вырашыць праблему "наўмысных і сістэматычных пераследаў мінскай дыпламатычнай супольнасці" з боку некаторых "сумнавядомых прадстаўнікоў" дзяржСМІ. Манера іх зносін выглядае дакучлівай і правакацыйнай. Учора ў судзе з дыпламатамі спрабаваў размаўляць супрацоўнік СТБ Рыгор Азаронак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі