На Марсе ўпершыню знайшлі ваду ў вадкім стане

Зонд рэгістраваў пры дапамозе сейсмографа страсенні марсавай кары

Зонд рэгістраваў пры дапамозе сейсмографа страсенні марсавай кары / NASA

Навукоўцы NASA ўпершыню знайшлі на Марсе ваду ў вадкім стане. Але яна знаходзіцца на вялікай глыбіні пад паверхняй планеты, паведамляе "Бі-Бі-Сі". 

Пасля аналізу даных, якія сабраў зонд Mars Insight Lander, навукоўцы прыйшлі да высновы, што ў глыбіні кары Марса ёсць "бурбалка" з вадкай вадой. Ваду на гэтай планеце ўжо знаходзілі, але не ў вадкім стане, а ў выглядзе лёду на палюсах і рэшткаў пары ў атмасферы.

Згаданы зонд збіраў інфармацыю ў 2018-2022 гадах — рэгістраваў пры дапамозе сейсмографа страсенні марсавай кары. Навукоўцы, замяраючы хуткасць сейсмічных хваляў, могуць з вялікай доляй верагоднасці вызначыць, праз якое асяроддзе яны праходзяць (так на Зямлі шукаюць ваду, нафту ці газ). Аналіз паказаў, што вада залягае пад паверхняй Марса на глыбіні ад 10 да 20 кіламетраў.

Навукоўцы, якія вывучалі паверхню Марса, ужо даўно прыйшлі да высновы, што вада на ім калісьці была. На паверхні планеты ёсць сляды ад рэк і азёр. Цяпер там пустыня. Частка вады выпарылася і паляцела ў космас разам з атмасферай Марса, іншая частка, відавочна, засталася пад паверхняй.

Зонд знайшоў ваду на тым месцы, дзе знаходзіўся. Мяркуецца, што яна можа быць і ў іншых месцах. Па разліках навукоўцаў, вады павінна быць дастаткова, каб пакрыць усю паверхню Марса (а яна менш плошчы Ціхага акіяна) пластом вады таўшчынёй больш за 1,5 км.

Галоўная праблема — глыбіня, на якой знаходзіцца вада. Яна можа стаць перашкодай для аўтараў планаў па каланізацыі Марса.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі