На пажары ў Брэсце загінуў мужчына
Пажар у кватэры на чацвёртым паверсе дзевяціпавярховага дома па бульвары Касманаўтаў адбыўся сёння каля 14-й гадзіны.
Інфармацыю пра здарэнне выратавальнікі атрымалі ад відавочцаў. Да моманту прыбыцця выратавальнікаў з акна кватэры было відаць адкрытае полымя, адзначае БЕЛТА.
У задымленым жылым пакоі выратавальнікі знайшлі двух чалавек у непрытомным стане. Мужчын вынеслі на свежае паветра і перадалі медыкам. Яны канстатавалі смерць аднаго з пацярпелых. Ім аказаўся 50-гадовы гаспадар кватэры. 55-гадовага мужчыну ў цяжкім стане даставілі ў рэанімацыйнае аддзяленне абласной лякарні.
З сумежнай кватэры ратавальнікі таксама эвакуявалі двух чалавек.
Папярэдне разглядаюцца дзве версіі ўзнікнення пажару. Адна з іх — сапсаваны халадзільнік. Не выключана таксама неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні з боку пацярпелых.
Фота — art-apple.ru