На Радуніцу ў абед плачуць, а ўвечары скачуць

У аўторак беларусы святкуюць Радуніцу. У кожным сезоне напрацягу года ёсць такі дзень. І увесну ён прымеркаваны да Вялікадня. Могілкі наведвалі не абавязкова на Радуніцу. Гэта магло адбывацца і непасрэдна на Вялікдзень. І на наступны дзень у панядзелак пасля Вялікадня. І ў чацвер – так званы Вялікдзень памерлых. Радуніца, гаворыць Этнограф Ірына Махоўская, – найбольш пашыраны дзень для наведвання могілак. Ірына Махоўская: “Адзначаўся ён заўсёды на дзевяты дзень так званай паміннога тыдня. Гэта аўторак праз тыдзень пасля Вялікадня. Дзевяць – гэта сакральная лічба ва ўсходніх славянаў. Напрыклад, абавязкова на дзевяты дзень памінаюць нябожчыка. Менавіта дзевяць дзён павінна была знаходзіцца ў ложку парадзіха пасля нараджэння дзіцяці”.

Большасць навукоўцаў сыходзяцца на тым, што слова “Радуніца” паходзіць ад слова “рада”, “радзіцца”. У гэты дзень беларусы звярталіся да продкаў з просьбай спрыяць новаму ўраджаю. І нягледзячы на тое, што сёння свята цесна звязанае з хрысціянствам, яно мае яшчэ паганскія карані. Працягвае Ірына Махоўская:

“Структура гэтага свята нагадвае старажытныя трызны, калі жалобныя мерапрыемствы змяняліся весялосцю і гульнямі для таго, каб зацвердзіць жыццё. І таму ў гэты дзень казалі: “З раніцы працуюць, у абед плачуць, а вечарам скачуць”. З раніцы займаліся справамі. У абед ішлі ў царкву, там паміналі нябожчыкаў і адпраўляліся на могілкі. Непасрэдна на могілках рассцілалі абрус, сядалі каля магілаў, каталі велікоднае яйка па магіле са словамі “Хрыстос уваскрос!” Пасля гэтага разыходзіліся па дамах. Там працягвалася святкаванне, але ўжо ў вясёлым духу”.

Свята такой старажытнасці проста не можа быць уласцівым толькі аднаму народу. Таму Радуніца – гэта агульнае свята для ўсіх усходніх славянаў. Усе асноўныя язычніцкія святы былі потым сумешчаныя са святамі хрысціянскімі. Хаця на пачатку, як сказала Ірына Махоўская, царква супрацьстаяла Радуніцы:

“Спачатку стоглаў царкоўны забараняў Радуніцу. Таму што гэта былі непатрэбныя трызны, якія не ўкладаліся ў хрысціянскія межы. А з цягам часу адбываецца сінтэз старой рэлігіі і сучаснай рэлігіі. Нейкія народныя традыцыі, старыя традыцыі накладваюцца і сумяшчаюцца з традыцыямі хрысціянскімі і царкоўнымі”.

Айцец Аляксандр патлумачыў, якім менавіта чынам сённяшняя Радуніца звязаная з праваслаўным Вялікаднем:

“Вялікдзень – гэта свята жыцця. Таму на само свята Вялікадня і ў светлую Сядміцу. Тады звычайна не моляцца пра супачылых. І таму, калі светлая Сядміца скончвацца, то і святкуецца такі спецыяльны дзень, калі мы памінаем тых, хто пайшоў ад нас, але якіх мы любім і ведаем, што яны працягваюць жыццё ў Госпадзе”.

Айцец Андрэй з уніяцкай царквы кажа, што уніяты таксама святкуюць радуніцу, па грыгарыянскім календары, раней за праваслаўных:

“Справа ў тым, што мы святкуем Вялікдзень ужо па грэгарыянскім календары. Ну, свята памінавення... Біблійная традыцыя ёсць – Хрыстос прыйшоў на восьмы дзень пасля ўваскрасення. І якраз таму на дзевяты дзень святкуецца Радуніца”.

А вось у каталікоў традыцыі Радуніцы няма. Хаця ў касцёле таксама ёсць дзень з аналагічнымі традыцыямі памінання памерлых – дзень задушны, які святкуецца ў лістападзе. Працягвае ксёндз Аляксандр:

“Вядома, напрацягу ўсяго года кожны дзень вернікі моляцца за памерлых. Вернікі прыносяць свае інтэнцыі на святую імшу. І адбываюцца кожны дзень святыя імшы за памерлых. Але такія адмысловыя дні, гэта, вядома, 1-2 лістапада ў каталіцкім касцёле”.

Шчаслівых выходных!


Фота pymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі