На раскопках пад Мінскам чарговая знаходка з гербам князя Ізяслава
Каштоўная знаходка археолагаў / nasb.gov.by
На раскопках на рацэ Менка пад Мінскам археолагі знайшлі яшчэ адзін фрагмент посуду з гербам полацкага князя Ізяслава (сына Рагнеды). Здарылася гэта 7 ліпеня. Прэс-служба Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі нагадвае, што "летась было зроблена першае падобнае адкрыццё, якое ў значнай ступені паўплывала на планы маштабнага вывучэння гісторыка-культурнай каштоўнасці каля вёскі Гарадзішча Мінскага раёна".
Год таму там жа знайшлі донца гаршка з асабістым гербам князя Ізяслава. Знаходка датуецца канцом X — пачаткам XI стагоддзяў. Трызуб Ізяслава стаў гербам Заслаўя.
Маштабныя раскопкі на Менцы праходзяць з вясны. Археолагі шукаюць больш звестак пра "самую раннюю гісторыю беларускай дзяржаўнасці". Пра неабходнасць такіх даследаванняў у чэрвені 2022-га заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. Сёлета іх фінансаванне было павялічана. Маштабныя археалагічныя раскопкі могуць пацвердзіць, што летапісны Менск знаходзіўся менавіта там.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.