"На развітанне паказаў сярэдні палец". Гісторыя доктара, якому прыйшлося з'ехаць

Доктарка 

Доктарка  / unsplash.com

“Падчас выбараў прэзідэнта галасаваў за Святлану Ціханоўскую, як і ўсе мае калегі і знаёмыя”, — распавядае беларускі доктар, які пасля 2020-га быў вымушаных пакінуць Беларусь і працаваць за мяжой.

Чарговую гісторыю з жыцця медыкаў публікуе тэлеграм-канал “Белые халаты”

Пабілі, але ад шпіталізацыі адмовіўся

Я доктар, працаваў анэстэзіёлагам з 2013 года. Падчас выбараў прэзідэнта галасаваў за Святлану Ціханоўскую, як і ўсе мае калегі і знаёмыя. Ужо ад самага пачатку жніўня адчуваў у людзях нейкія змены — словамі гэтага не перадаць, проста адчуваў, што нешта адбудзецца хутка, бо ўсе былі напружаныя. Увечары 9 жніўня даведаўся пра фальсіфікацыю. Не мог сядзець дома, назбіраў у заплечнік медыкаменты, таблеткі ад болю, сродкі для дэзынфекцыі ран, бінты, вату стэрыльную, невялічкі хірургічны камплект, каб была магчымасць зашываць раны. Патэлефанаваў калегам. Акрамя мяне, у цэнтр гораду збіраліся яшчэ некалькі чалавек. Паехалі разам, грамадскім транспартам.

Там, у цэнтры, быў жах. Асабіста бачыў, як людзі ў чорнай форме адбіралі дзяцей у жанчын, проста вырывалі з рук, і саджалі ў аўтобусы, якія стаялі ззаду ад міліцыі. Бачыў, як у той вечар мужыку 5 амапаўцаў руку зламалі. Пасля гэтага не вытрымаў — заплечнік аддаў знаёмаму доктару, пайшоў да хлопцаў і стаў у першы рад, насупраць скатоў у пагонах.

Пабілі мяне моцна. Вельмі. Білі па галаве, нагах, руках, па тулаву. Спачатку завезлі ў міліцыю. Адтуль хуткая забрала ў шпіталь, з падазрэннем на траўму галавы. Але я адмовіўся ад шпіталізацыі, бо ведаў — раніцай будуць па шпіталях хадзіць кдбісты і паліцаі, і шукаць тых, каго пабілі і не арыштавалі. Нейкім цудам каля шпіталя мяне чакалі калегі, завезлі дадому.

Галоўны доктар сказаў, што я быдолта

Вядома, пасля гэтага была “размова” з галоўным доктарам, які мне сказаў, што я быдлота, і што лепш бы мяне забілі да смерці палкамі. Сказаў, што скончыцца кантракт — ніхто мне яго не працягне. Ну і гэтак далей... Што я працую за грошы Захаду, што я нідзе сабе працы не знайду. Я моўчкі выйшаў з таго кабінету і на развітанне паказаў сярэдні палец.

Менавата тады, у тыя дні, я зразумеў, што беларуская нацыя існуе. Што мы вялікі народ, які ведае пра салідарнасць і пра барацьбу за правы. Зразумеў, што не магу застацца ў баку ад гэтых падзей. У сэрцы пасялілася лютая нянавісць да таго смецця, што завецца словам «сілавікі».
Пачаў хадзіць на мітынгі. Стараўся не прапускаць ніводнага. Падчас адной дэманстрацыі зноў схапілі. Вядома, зноў пабілі. Кінулі ў ІЧУ, сядзеў 15 дзён там. Там асабліва выдзяляўся начальнік гэтага ІЧУ. Тыповы алкаголік, які падчас праверак стараўся на мяне словамі выліць максімум бруду. 
Пасля таго, як выйшаў, давялося вырашаць: ці з’язджаць з краіны, ці заставацца пад пагрозай трапіць за краты на працяглы тэрмін.

Украіна

Уцёк ва Ўкраіну. З адным заплечнікам і торбай. На шчасце, там былі знаёмыя. Знайшоў сабе прытулак на некалькі месяцаў. Атрымаў у Львове візу і паехаў у Польшчу, бо там была магчымасць працаваць пэўны час без настрыфікацыі дыплому. Праз год пасля пачатку працы здаў іспыт па настрыфікацыі. На гэты момант працягваю працаваць па сваім профілі ў Польшчы. Упэўнены, што радзіму давядзецца вызваляць калі-небудзь, са зброяй у руках. Ведаю, што зноў не застануся ў баку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі